Сталяры
Мы са Слаўкам —
сталяры:
робім лаўку
на двары.
Жоўтыя апілкі
сыплюцца
з-пад пілкі.
Стружкі
з-пад рубанкаў —
вязкай абаранкаў.
Мы для лаўкі
дошкі
падгаблюем трошкі.
Вось гатова спінка.
Вось гатовы ножкі.
Тук-так-ток,
тук-так-ток, —
заспяваў малаток.
Ды чамусьці
цвікі
загінаюцца
ў бакі.
Выпраміш —
і зноўку
хіліць цвік галоўку.
Аж да стомы
працавалі,
але лаўку
змайстравалі.
Мы абодва
рады надта,
ды прыйшла сястрычка
Ната.
Паглядзела
і сказала:
— З вашай працы
толку мала.
Нават боязна садзіцца.
Можа лаўка
разваліцца…
Я ў адказ:
— Наадварот!
Прастаіць яна сто год…
Ната зноў:
— Ну што ж,
паглядзім…
Я — да Слаўкі:
— Сядзем?
— Сядзем!
Я саджуся.
Сеў і Слаўка…
Нас дваіх
Трымае лаўка.
— Во, — кажу я
да сястры, —
мы са Слаўкам —
сталяры!