Загадкі на градках
От бабуля важна села
I глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць.
Як зачэпіш — будзеш плакаць.
Гэта злосная бабуля
Называецца… (цыбуля)
У бабулі родны брат
Ласкавейшы быццам,
А да слёз давесці рад,
Так, як і сястрыца.
Сам сабе наўме панок,
А прасцей сказаць… (часнок)
З вусамі,
А не стары.
Зайздросныя вочы.
За што-небудзь на двары
Учапіцца хоча.
Хопіць хітрасці на трох,
Ну, на тое ж ён… (гарох)
Не сыдзе з месца
Ні на крок,
Зарыўшыся ў пярыну.
Цярэбіць ціхі вецярок
Ягоную чупрыну.
А возьмуць за чупрыну
Ды выцягнуць з пярыны —
Пачырванее, нібы рак.
Вядома, хто гэта… (бурак)