Пурга
Загуляла, закружыла,
Свае песні завяла,
Гурбы снегу наваліла,
Усе сцежкі замяла.
Сівер люта завывае,
Свішча, гойкае, пяе,
Снег ахапкамі кідае,
Стрэхі ломіць, стрэхі рве.
А пад раніцу сціхае
Ды малым шчанём скуліць…
I зямля супачывае —
У белай світцы моцна спіць.