Заяц-хвалько
Жыў-быў заяц у лесе. Улетку яму добра было, а зімою кепска — даводзілася да сялян на прыгумень бегаць авёс красці.
Прыбягае ён да аднаго селяніна на прыгумень, а тут ужо чарада зайцоў. От ён і пачаў ім хваліцца:
— У мяне не вусы, а вусішчы, не лапы, а лапішчы, не зубы, а зубішчы — я нікога не баюся.
Зайцы і расказалі цётцы вароне пра гэтага хвалька. Цётка варона пайшла хвалька шукаць і знайшла яго пад карчом. Заяц спужаўся:
— Цётка варона, я не буду больш хваліцца!
— А як ты выхваляўся?
— Што ў мяне не вусы, а вусішчы, не лапы, а лапішчы, не зубы, а зубішчы.
Вось яна яго трошкі і паўшчувала:
— Больш не выхваляйся!
Аднойчы сядзела варона на плоце, сабакі яе схапілі і давай шкуматаць, а заяц гэта ўбачыў: «Як бы гэта вароне памагчы?»
Выскачыў на пагорачак і сеў. Сабакі ўбачылі зайца, кінулі варону — ды за ім, а варона зноў на плот. А заяц ад сабак уцёк.
Праз нейкі час варона зноў сустрэла гэтага зайца і кажа яму:
— Вось цяпер ты малайчына, не выхваляка, а сапраўдны смяляка!