Сакавік і яго сёстры

Былі ў Сакавіка дзве сястры: старэйшая — багатая ды ганарыстая і малодшая — бедная, затое добрая і ласкавая.

Багатая жыла на далёкай поўначы ў прыгожым палацы, а бедная — на цёплым поўдні ў сялянскай хаце.

У багатай сястры дарагія ўборы ды самацветы ў скрынях ляжаць, а ў беднай усяго таго багацця, што прыгожыя кветкі ў садочку цвітуць ды птушкі на розныя галасы шчабечуць. I сама яна вясёлая, гарззлівая, ходзіць па садочку ды песні спявае.

Багатая і бедная сёстры любілі ездзіць да брата Сакавіка ў госці.

Бывае, гляне Сакавік на неба, бачыць: птушкі з поўдня ляцяць, на радзіму з выраю вяртаюцца.

— Гэта мая малодшая сястрыца да мяне ў госці едзе! — радуецца Сакавік.

I вось ужо следам за птушкамі грукоча па палях і лугах прыбраны зялёнымі галінкамі вазок малодшай сястры.

Сястра з братам сардэчна вітаецца, ласкава яму ўсміхаецца. I ад гэтай усмешкі расцвітаюць першыя пралескі.

Брат сястру вядзе ў святліцу сасновую, саджае за стол дубовы. Рады ён сустрэчы з любай сястрою.

Але тут як падзьме з поўначы холадам, як сыпане ў вочы снегам…

— Гэта старэйшая сястра да мяне ў госці едзе! — кажа Сакавік і выходзіць сустракаць багатую сястру.

Імчыць багатая сястра ў срэбных санях, на белых конях, дарогу снегам засыпае.

Ды толькі халодная ды ганарыстая яна, не ўсміхаецца брату, слова прыветнага не вымавіць.

Зірнула старэйшая сястра на сінія пралескі, якія распусціліся на праталінах, і дыхнула на іх марозам. Не любіла багатая сястра беднай, ні яе кветак, ні птушак, ні песень.

— Зараз я буду гасцяваць у брата Сакавіка! — грозна закрычала яна на малодшую сястру.

Пакрыўдзілася малодшая сястра, села ў свой зялёны вазок і паехала. Але недалёка ад’ехала, бо вырашыла не саступаць старэйшай сястры.

Яшчэ не адгасцявала старэйшая сястра, як малодшая вярнулася. I ад яе ўсмешкі гарачэй прыгрэла сонейка, расцвілі зноўку краскі.

I хоць злавалася старэйшая сястра, дыхала марозам, сыпала снегам, усё дарэмна — малодшая сястра гасцявала ў брата Сакавіка, аж пакуль старэйшая не паехала дадому на поўнач.

Вось таму і кажуць, што ў Сакавіка кіпіць, як у гаршку: то сонейка прыгрэе, ручайкі пацякуць, першыя птушкі з выраю прыляцяць, першыя пралескі расцвітуць, то раптам марозам дыхне, снег падае… Гэта да Сакавіка ў госці сёстры завітваюць: Вясна і Зіма.