Вожык
Ці трымалі вы калі-небудзь вожыка? Калі не, то папрабуйце. Гэта вельмі цікавае стварэнне, а калі ёсць у хаце мышы, дык будзе вялікая карысць, бо вожык умее лавіць мышы лепш за ката.
Дзікі вожык спачатку баіцца чалавека, але потым прывыкае ды пачынае жыць у хаце, як кот ці сабака. Улетку вожык есць жукоў, конікаў, чарвякоў; узімку ловіць мышы, любіць булку з малаком, есць і садавіну, а калі няхват гэтага корму, то будзе есці ўсялякае мяса.
Усю зіму вожык, калі жыве на волі, спіць, закапаўшыся дзе-небудзь у мох. Сон гэты, як відаць, патрэбен вожыку, бо калі не даць яму заснуць, то ўлетку ён хварэе, а часта і здыхае. Дзеля гэтага яму трэба даць заснуць хоць на адзін месяц.
У няволі вожык можа пражыць некалькі гадоў, калі яго добра даглядаць. Нядобра толькі трымаць вожыка ў хаце дзеля таго, што ён цэлую ноч шныпарыць па хаце ды не дае спакойна спаць. Але часамі ўдаецца адвучыць яго ад гэтага, толькі нельга стрымаць вожыка ў месячную ноч: тады ён робіцца вельмі рухлівым, трывожыцца ды бегае па хаце.