Раніца вясною

Ціха ў полі, ціха ў лесе,

Ані шэпне вецярок,

Толькі дзесь у паднябессі

Льецца звонкі галасок.

На усходзе бляск агністы

Літым золатам дрыжыць,

Слуп высокі, прамяністы

Роўным полымем гарыць.

Тонкіх хмарак валаконцы

Сталі хораша ў радок,

Як бы ўюць яны для сонца

З тых валоканцаў вянок.

Ціха ў полі, ціха ў лесе,

Чуць балбоча ручаёк,

А высока ў паднябессі

Льецца звонкі галасок.