Чаму ў слоніка доўгі нос
Гэта толькі цяпер у слана ёсць хобат. А раней, даўным-даўно, ніякага хобата ў слана не было. А быў толькі нос велічынёю з чаравік. Гэты нос матляўся ва ўсе бакі і толькі перашкаджаў слану.
I вось з такім вялікім носам, як чаравік, жыў у Афрыцы каля рэчкі Лімпапо маленькі Слонік. Ён быў вельмі цікаўны, усё хацеў ведаць і ўсюды соваў свой нос.
У сваёй цёткі Страўсіхі ён пытаўся, чаму ў яе такія кароткія крылы, у дзядзькі Жырафа — чаму ў яго такая доўгая шыя, у сваёй другой цёткі, Бегемоціхі, ён пытаўся, чаму яна такая тоўстая, у дзядзькі Павіяна — чаму ён такі валасаты.
Слонікавы дзядзькі і цёткі злавалі на яго, гэтага назолу і прыставалу, і давалі яму хто кухталя, хто грымака…
Але гэтыя кухталі і грымакі не адбівалі цікаў-насці ў Слоніка: ён усё абнюхваў, абмацваў і пытаў-ся: «А чаму так?»
I вось аднойчы захацелася Слоніку даведацца, што есць на абед Кракадзіл. Ён запытаўся: «Дзядзь-ка Павіян, цётка Страўсіха, ці ведаеце вы, што есць на абед Кракадзіл?»
— Ц-ш-ш-ш! — зашапталі ўсе дзядзькі і цёткі і зноў пачалі лупцаваць Слоніка, гэтага назолу і прыставалу.
Пабег Слонік да мудрай птушкі Калаколы і пы-таецца: «Цётка Калакола, ці ведаеце вы, што есць на абед Кракадзіл?» I сказала яму птушка Калакола: «Бяжы да берага соннай, зялёнай ракі Лімпапо, там у зялёнай вадзе і жыве Кракадзіл. Ён табе сам скажа…»
«Бывайце! — сказаў Слонік сваім дзядзькам і цёткам. — Я іду да соннай, зялёнай ракі Лімпапо. Так мне сказала мудрая птушка Калакола. Я сам запытаю Кракадзіла, што ён есць на абед».
I вось ідзе Слонік дзень, ідзе два, ідзе праз лес, ідзе праз горы і нарэшце бачыць зялёную, мутную, сонную раку Лімпапо. Каля соннай ракі бачыць Слонік шмат звяроў. Падышоў Слонік бліжэй. Бачыць: усе звяры спяць. Штурхануў Слонік сваім вялікім, як чаравік, носам Змея, разбудзіў і пытаецца: «Скажыце, калі ласка, дзе тут жыве Кракадзіл?» Раззлаваўся Змей, бо вельмі хацеў спаць, ды як дасць хвастом Слоніку па носе. «I тут б’юцца!» —пакрыўдзіўся Слонік. Не можа даць рады, да каго падысці, бо не ведае, як выглядае Кракадзіл.
Пайшоў Слонік прэч ад Змея. Змей абкруціўся каля дрэва і зноў заснуў.
Ішоў-ішоў Слонік уздоўж рэчкі Лімпапо, стаміўся, захацеў адпачыць. Убачыў вялізнае бервяно, што тырчала з вады і даставала да пясочку на беразе. Сеў Слонік на бервяно, а яно заварушылася, міргнула адным вокам, міргнула другім. Не ведаў Слонік, што гэтае доўгае зялёнае бервяно — Кракадзіл. «Скажыце, калі ласка, ці не ведаеце вы, дзе тут жыве Кракадзіл?» — запытаў Слонік у бервяна з вачамі.
Падміргнуў Кракадзіл Слоніку і сказаў: «Падыдзі бліжэй, мой маленькі, я і ёсць Кракадзіл. Паглядзі, як я плачу сваімі Кракадзілавымі слязьмі!» Узрадаваўся Слонік: «Я вас даўно шукаю! Скажыце, калі ласка, што вы ясце на абед?» — «Падыдзі яшчэ бліжэй, я табе скажу на вуха!» Нахіліў Слонік галаву да Кракадзілавай пашчы, а той — цап яго за нос! «Вось мне здаецца, — сказаў Кракадзіл, — што я сёння на абед буду есці сланяціну».
«Бузьдзіце бядзе, бдзе ведзьбі бадзіць!» (пусціце мяне, мне вельмі баліць!) — пачаў прасіцца Слонік і ўпірацца ўсімі чатырма нагамі. Слонік цягне сабе, а Кракадзіл сабе. Пачуў крык Змей, стала яму шкада Слоніка, абкруціўся Змей вакол ягонай задняй нагі і пацягнуў Слоніка назад. Кракадзіл і выпусціў Слонікаў нос, плюхнуўся ў рэчку — толькі пырскі ва ўсе бакі!
Паваліўся Слонік на пясок, ад болю аж вочы заплюшчыў, кажа: «Дзякуй табе, дзядзька Змей!»
Расплюшчыў вочы, глядзіць, а нос яго стаў доўгі-доўгі, аж да самай зямлі!
Заплакаў Слонік: «Як жа мне жыць з такім носам!»
«Не плач! — супакоіў яго Змей. — Ты ўбачыш, што твой новы, доўгі нос яшчэ лепшы за той стары, нязграбны, як чаравік. Супакойся, а я пайду яшчэ пасплю».
Змей пайшоў да свайго дрэва і пакінуў Слоніка аднаго. Слонік плакаў-плакаў, стаміўся і заснуў. Але вось пралятала міма муха і балюча ўкусіла Слоніка за спіну. Раззлаваўся Слонік, стукнуў муху сваім доўгім носам і забіў яе. Глянуў Слонік угару, убачыў спелыя сакавітыя бананы, схапіў іх сваім доўгім носам і з’еў, апусціў у рэчку свой доўгі нос і напіўся вады, ды яшчэ сам сабе дожджык зрабіў. Узрадаваўся Слонік, заспяваў песеньку і пабег дадому.
3 таго часу ўсе з павагай глядзелі на доўгі нос Слоніка і пачалі называць яго хобат. А калі хто Слоніка крыўдзіў, то ён мог сам даць каму кухталя, а каму грымака.
Але Слонік быў добры, ён усім дапамагаў сваім моцным хобатам і сам нікога не крыўдзіў.