Верасень
Месяц Верасень багаты — у яго залатыя шаты. Ходзіць ён па зямлі і дорыць ёй свае багацці.
Зайшоў Верасень у сады цяністыя, атрос ігрушы залацістыя. Асыпаў з яблынь духмяныя антонаўкі, чырвоныя крамяныя малінаўкі, захінуў туманамі слівы сінія…
Выйшаў у поле, наставіў мяхоў бульбы, на лузе склаў у копы траву і падаўся ў лес.
Ідзе Верасень лесам, прыбірае дрэвы ў дарагія ўборы: бярэзінку — у золата, асіну — у чырвань, на дубы навесіў медны ўбор. Не забыўся і пра каліну ды рабіну, прыхарашыў іх пацеркамі чырвонымі. Пад пянёчкі ды пад кусточкі пасадзіў грыбочкі…
Азірнуўся Верасень, паглядзеў навокал: гарыць-палае асенні лес! Вось толькі ўнізе трава сухая і пажоўклая. Няма красак, адцвілі за лета.
Страсянуў Верасень з дрэў буйную расу — і дзіва! Упалі да камлёў зялёных сосен ды залатых бяроз драбнюткія званочкі! Зацвілі верасы!
Загулі, зазванілі званочкі! Клічуць дзяцей у школу.
Багаты месяц Верасень, багаты! Ён падараваў зямлі пышныя шаты. Насыпаў поўныя засекі збожжа. Адзеў у золата лясы і расквеціў верасы. Таму і завуць яго Верасень.