Жывы голас
Паўлік сёння ўпершыню пайшоў з татам і мамай у ягады. Хораша ў лесе! Паветра чыстае, пахне хвояй. На розныя галасы заліваюцца птушкі. Паўлік ідзе наперадзе, пазірае па баках, любуецца лясным хараством, прыглядаецца да кожнага кусціка. Убачыў чырвоную ягадку, зарадаваўся і гукнуў:
— Мама! Ягадка!
Здалёк пачуўся такі ж голас: «Мама! Ягадка!» Агледзеўся Паўлік: нідзе нікога. Толькі тата і мама ходзяць побач. Паўлік пачаў збіраць суніцы — адну ў рот, адну ў кубачак. Так ішоў ды ішоў у глыб лесу. А мама ўвесь час назірала за Паўлікам, каб не заблудзіўся. Паўлік малы, яму пайшоў толькі пяты гадок, і ён ледзь бачны сярод кустоў і высокай травы, адно бялявая галоўка мільгае то тут, то там.
Хлопчык выйціаў на палянку і аж усклікнуў: «Ой, колькі суніц!» Ён прысеў і пачаў збіраць іх, расхінаючы рукамі сунічкі. Наеўся, назбіраў поўны кубачак і паклікаў маму, каб усыпаць ягады са свайго кубачка ў кошык.
— Ма-ма!
Здалёк зноў адгукнуўся нечы голас: «Ма-ма!»
— Ма-ама-а! — гучней крыкнуў Паўлік і прыслухаўся. Недзе пачулася: «А-а-а!» Хлопчык убачыў маму і супакоіўся. Значыць, яму адгукнецца тата.
— Татка-а! — паклікаў Паўлік.
— Ат-ка-а! — пачуўся далёкі голас.
Тата падышоў. Паўлік моцна прытуліўся да яго і паказаў пальчыкам:
— Там нехта ёсць.
Тата ўзяў сына на рукі і супакоіў:
— Нікога там няма. Гэта чуваць твой голас. Тваё рэха. Ты клічаш, і яно адгукаецца табе.
— А яно жывое? А ці можна яго бачыць?
— Не, яно… — хацеў расказаць тата, але Паўлік раптам успомніў пра сунічную палянку.
— Хадзем вунь туды, на маю палянку, збіраць ягады. Там шмат суніц. Вялікія і салодкія-салодкія! Давай і маму паклічам. Ма-а-ма!
Недзе далёка пачулася: «А-а-ма!»
Але Паўлік ужо ведаў, хто яму адгукаецца.