Кенгуру
Кенгуру,
кенгуру
спрытна скача
угару.
І ўгару,
і ўдаўжыню —
я яго не даганю…
Паглядзі:
ў кенгуркі-маткі
торба ёсць
на жываце.
Там жывуць
кенгураняткі
ў цеплыні
ды ў цеснаце.
Кенгурыха,
кенгурыха,
ну чаго сядзець ім ціха?
Ты маленькіх
не няволь,
пагарэзаваць
дазволь!
А яна
глядзіць з дакорам,
нібы кажа:
— Як не сорам?!
Па абедзе,
як і ў вас,
у маленькіх —
ціхі час.