Коні-поні
Эх, якія коні —
маленькія поні!
Падбярыце хутчэй
мне каня —
ды гарачэй!
Цок-цок —
капыточкі.
Ток-ток —
малаточкі.
Б’юць
усе чатыры ў лад.
Еду,
нібы на парад.
Бегемоты,
насарогі,
саступіцеся з дарогі!
І жырафы,
і паўліны —
на «зважай!» стаяць павінны!
Вось і грозны
цар звяроў.
Я кажу яму:
— Здароў!
Загадай,
каб заасад
дружна выйшаў на парад…
Раптам чую:
— Скончан круг!
Забіраюць лейцы з рук.
— Пакатаўся,
Дарагі,
хай катаецца другі.
Ах, якія коні —
маленькія поні!