Скакалка

— Калі б козка не скакала,

Дык і ножкі б не зламала. —

Праўда!

А калі і не скакала,

Дык жыццё нямілым стала.

Праўда?

Бо сваволіць вельмі люба,

Без свавольства — проста згуба,

Ціха…

Калі сёння не паплачаш,

Дык і заўтра не заскачаш.

Ліха!

Як палохаюць, малеча,

Што ў гульні сябе калечаць

Козы —

Дык перш-наперш ты паслухай,

А пасля скажы на вуха

Прозай:

— А от я знаю, можа, дваццаць козачак, што ад ранку да вечара скакалі, і нічога з імі не сталася, здаровыя, вясёлыя, зноў яны сабе скачуць ды скачуць! Галоўнае, каб не баяцца! Гэтак скакаць, каб нічога не сталася! Бо інакш, што за жыццё было б? Праўда?

І скачы, колькі табе хочацца!

Хай дарослыя бачаць, як гэта робіцца!