Пажарныя сабакі
Бывае часта, што ў гарадах на пажарах застаюцца дзеці ў дамах і іх нельга выцягнуць, бо яны ад спалоху схаваюцца і маўчаць, а праз дым іх нельга ўбачыць. Для гэтага ў Лондане прывучаны сабакі. Сабакі гэтыя жывуць з пажарнымі, і калі загарыцца дом, дык пажарныя пасылаюць сабак выцягваць дзяцей. Адзін такі сабака ў Лондане выратаваў дванаццаць дзяцей: яго клікалі Боб.
Аднаго разу загарэўся дом. I калі пажарныя пад’ехалі да яго, ім насустрач выбегла жанчына. Яна плакала і гаварыла, што ў доме засталася двухгадовая дзяўчынка. Пажарныя паслалі Боба. Боб пабег па ўсходках і схаваўся ў дыме. Праз пяць хвілін ён выбег з дома і ў зубах за сукенку нёс дзяўчынку. Маці кінулася да дачкі і плакала ад радасці, што дачка была жывая. Пажарныя ласкава гладзілі сабаку і аглядалі яго, ці не абгарэў ён, але Боб ірваўся зноў у дом. Пажарныя падумалі, што ў доме яшчэ ёсць што-небудзь жывое, і пусцілі яго. Сабака пабег у дом і хутка выбег з нечым у зубах. Калі народ разгледзеў тое, што ён нёс, дык усе рассмяяліся: ён нёс вялікую ляльку.