Першы подзвіг Геракла
Ужо даўно жыхары Нямеі скардзіліся, што нельга пасвіць жывёлу на лугах каля лесу, што ў лесе ні прайсці ні праехаць і нават у дамах нельга спаць спакойна: вялізны леў жыў у Нямейскім лесе, і кожны дзень то авечка з чарады, то дзіця, то мірны падарожнік з дарогі знікалі бясследна.
Нават смелы воін з мячом і шчытом не выходзіў жывым з Нямейскага лесу, таму што зброя была бяссільная супраць лютага льва — ні дзіда, ні стрэлы не маглі прабіць яго шкуру, і нават востры меч не мог пашкодзіць яму.
— Гора нам! — гаварылі нямейскія сяляне. — Хутка ўвесь наш край будзе спустошаны.
Багіня Гера, заступніца цара Еўрысфея, навучыла яго, каб ён загадаў Гераклу забіць Нямейскага льва.
Геракл прыйшоў у Нямею і пачаў распытваць людзей, што жылі каля лесу, ці далёка логава льва і як яго знайсці.
Але ніхто не хацеў казаць яму дарогу, ніхто не адважваўся ісці разам з ім.
— Леў сам знойдзе цябе, варта табе толькі зайсці ў лес, — гаварылі людзі і з жалем пазіралі на маладога героя — яны не верылі, што ён зможа перамагчы страшнага звера.
Геракл адзін падаўся ў лес. Высокія дрэвы абступілі яго з усіх бакоў і здзіўлена гайдалі вяршалінамі, кусты чапляліся за яго, каб затрымаць, птушкі крычалі, каб напалохаць яго, але ён ішоў уперад і шукаў на зямлі сляды звера.
Ішоў ён нядоўга і раптам пачуў непадалёку глухі рык ільва і пайшоў проста на яго. Леў таксама пачуў ворага і зароў так, што ўвесь лес задрыжаў. Леў зрабіў некалькі скачкоў і апынуўся перад Гераклам. Велічна спыніўся ён насупраць героя, злосна зіркаючы вачыма, б’ючы сябе хвастом па баках і дзіка равучы. Геракл не разгубіўся, хутка падняў лук і пусціў стралу проста ў вока льву. Леў злосна матнуў галавой і лапай змахнуў стралу, нібы саломінку. Потым прысеў, як кот, і скочыў, узняўшы лапу, каб раздушыць смельчака. Геракл ухіліўся і цяжкай дубінкай з усяе сілы стукнуў ільва па калматай галаве. Але дубінка адскочыла, не зрабіўшы нават драпіны льву, і выпала з рук Геракла. Леў зноў паматаў галавой, працягла і моцна пазяхнуў і раптам, нібыта яму ўсё абрыдла, павярнуўся, пабег назад у глыб лесу і знік.
Геракл пайшоў за ім.
Неўзабаве ён убачыў уваход у пячору. Геракл кінуў лук і стрэлы і зайшоў у пячору. Там было цёмна, і Геракл вобмацкам прабіраўся наперад. Раптам леў скочыў яму на грудзі і хацеў разарваць яго, але Геракл схапіў звера аберуч за горла, сціснуў яго шыю, быццам жалезнымі абцугамі, і задушыў.
Леў быў такі вялікі і цяжкі, што Геракл не мог падняць яго.
Тады ён злупіў з ільва шкуру разам з галавою, надзеў яе на сябе і пайшоў у Мікены.
Людзі з крыкам разбягаліся, убачыўшы Геракла з ільвінай галавою на плячах. Сам цар Еўрысфей схаваўся ад яго ў далёкі куток палаца.
— Вось я прынёс цару шкуру Нямейскага льва, — сказаў Геракл.
Але палахлівы Еўрысфей баяўся нават мёртвага льва і не адважыўся зірнуць на яго шкуру.
— Няхай Геракл возьме яе сабе, — загадаў цар.
— Дзякуй, — сказаў Геракл і забраў ільвіную шкуру з сабою.
Ён пачаў насіць яе замест плашча, і яна добра ўкрывала яго, бо ні меч, ні стрэлы не маглі прабіць яе.
Захутаўшыся ў шкуру Нямейскага льва, Геракл падаўся выконваць другі загад цара Еўрысфея.