Дзіўны дзед
А ці байка,
а ці быль —
дзед набыў
аўтамабіль.
Хоць няма ў яго
правоў,
рухавік уміг завёў.
Круціць руль
адважны дзед —
толькі пыл
курыцца ўслед.
Толькі ш-шыны —
ш-шу-шу-шу —
вылятаюць на ш-ша-шу.
І папёр-р-р
матор-р-р,
папёр-р-р
на чырвоны святлафор.
Раптам міліцыянер —
цоп дзядулю
за каўнер:
— На сваім аўтамабілі
шмат бяды вы б нарабілі!
Дзе правы?
Няма правоў?
Пешкі пойдзеце дамоў!..
Дзед машыну —
на шнурок
ды дадому павалок:
— Падару сваю машыну
ўнуку я —
на імяніны!..