Брэменскія музыкі

Шмат гадоў таму жыў на свеце млынар. І быў у млынара асёл, разумны і дужы.

Доўга працаваў асёл на млыне, цягаў на спіне кулі з мукой і вось нарэшце састарыўся. Бачыць гаспадар, што аслабеў асёл, не здатны больш для работы, і выгнаў яго з дому.

Спалохаўся асёл: «Куды я пайду, куды падзенуся? Стары я стаў і слабы».

А потым падумаў: «Пайду гэтак я ў нямецкі горад Брэмен і стану там гарадскім музыкам».

Так і зрабіў. Пайшоў у нямецкі горад Брэмен.

Ідзе асёл па дарозе і крычыць па-аслінаму. І раптам бачыць ён: ляжыць на дарозе сабака і цяжка дыхае.

– Чаму ты так запыхаўся, сабака? – пытае асёл. – Што з табой?

– Стаміўся, – кажа сабака. – Бег доўга, вось і запыхаўся.

– Што ж ты так бег, сабака? – пытае асёл.

– Ах, асёл, – кажа сабака, – пашкадуй мяне. Жыў я ў паляўнічага, доўга жыў. Па палях і балотах за дзічынай для яго бегаў, а цяпер стары стаў, і надумаў мой гаспадар мяне забіць. Вось я і збег ад яго, а што далей рабіць – не ведаю.

– Пойдзем са мной у горад Брэмен, – адказвае яму асёл, – зробімся там музыкамі. Брэшаш ты гулка, голас у цябе добры, то будзеш спяваць і ў барабан біць. А я буду на гітары іграць.

– Што ж, – кажа сабака, – пойдзем.

Пайшлі яны разам. Асёл ідзе, крычыць па-аслінаму, сабака ідзе, брэша па-сабачы.

Ішлі яны, ішлі і раптам бачаць: сядзіць на дарозе кот, сумны, невясёлы.

– Што ж ты такі сумны? – пытае яго асёл.

– Што ж ты такі невясёлы? – пытае сабака.

– Ах, – кажа кот, – пашкадуйце вы мяне, асёл і сабака. Жыў я ў сваёй гаспадыні, доўга жыў, лавіў пацукоў і мышэй. А цяпер стары стаў, зубы ў мяне прытупіліся, і захацела мая гаспадыня мяне ў рэчцы ўтапіць. Я і збег з дому. А што далей рабіць – не ведаю.

Асёл яму адказвае:

– Пойдзем з намі, кот, у горад Брэмен, станем там вулічнымі музыкамі, - кажа асёл. – Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць і на скрыпцы іграць, сабака – спяваць і на барабане іграць, а я – спяваць і на гітары іграць.

– Што ж, – кажа кот, – пойдзем.

Пайшлі яны разам.

Асёл ідзе, крычыць па-аслінаму, сабака ідзе, брэша па-сабачы, кот ідзе, мяўкае па-кацінаму.

Ішлі яны, ішлі. Праходзяць паўз адзін двор і бачаць: сядзіць на варотах певень і крычыць на ўсё горла: «Ку–ка–рэ–ку!»

– Ты што, пеўнік, крычыш? – пытае яго асёл.

– Што з табой здарылася? – пытае яго сабака.

– Можа, цябе хто пакрыўдзіў? – пытае кот.

– Ах, – кажа певень, – пашкадуйце вы мяне, асёл, сабака і кот. Заўтра да маіх гаспадароў госці прыедуць, і вось збіраюцца мае гаспадары зарэзаць мяне і зварыць з мяне суп. Што мне рабіць?

Адказвае яму асёл:

– Пойдзем з намі, певень, у горад Брэмен, і станем там вулічнымі музыкамі. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць і на балалайцы іграць, кот будзе спяваць і на срыпцы іграць, сабака – спяваць і на барабане іграць, а я буду спяваць і на гітары іграць.

– Што ж, – кажа певень, – пойдзем.

Пайшлі яны разам.

Асёл ідзе, крычыць па-аслінаму, сабака ідзе, брэша па-сабачы, кот ідзе, мяўкае па-кашачы, певень ідзе, кукарэкае.

Ішлі яны, ішлі, і вось настала ноч. Асёл і сабака ляглі пад вялізным дубам, кот сеў на галіну, а певень узляцеў на самую вершаліну дрэва і пачаў адтуль глядзець па баках.

Глядзеў, глядзеў і ўбачыў: свеціцца непадалёку агеньчык.

– Агеньчык свеціцца! – крычыць певень.

Асёл кажа:

– Трэба даведацца, што гэта за агеньчык. Можа, паблізу дом стаіць.

Сабака кажа:

– Можа, у гэтым доме мяса ёсць. Я паеў бы.

Кот кажа:

– Можа, у гэтым доме малако ёсць. Я папіў бы.

А певень кажа:

– Можа, у гэтым доме проса ёсць. Я пакляваў бы.

Усталі яны і пайшлі на агеньчык.

Выйшлі на паляну, а на паляне дом стаіць, і акенца ў ім свеціцца.

Асёл падышоў да дома і зазірнуў у акенца.

– Што ты там бачыш, асёл? – пытае яго певень.

– Бачу я, – адказвае асёл, – сядзяць за сталом разбойнікі, ядуць і п'юць.

– Ох, як хочацца есці! – сказаў сабака.

– Ох, як хочацца піць! – сказаў кот.

– Як бы нам разбойнікаў з дому выгнаць? – сказаў певень.

Думалі яны, думалі і прыдумалі.

Асёл ціхенька паставіў пярэднія ногі на падваконнік, сабака залез на спіну аслу, кот ускочыў на спіну сабаку, а певень узляцеў на галаву кату.

І тут яны ўсе разам закрычалі:

 

асёл па-аслінаму,

сабака – па-сабачы,

кот – па-кашачы,

а певень – закукарэкаў.

 

Закрычалі яны і ўваліліся праз акно ў пакой.

Напалохаліся разбойнікі і ўцяклі ў лес.

А асёл, сабака, кот і певень селі вакол стала і ўзяліся за ежу. Елі-елі, пілі-пілі – наеліся, напіліся і спаць леглі. Асёл расцягнуўся ў двары на сене, сабака ўлёгся перад дзвярыма, кот скруціўся клубком на печы, а певень залез на вароты. Патушылі яны святло ў доме і заснулі.

А разбойнікі сядзяць у лесе і глядзяць з чашчобы на свой дом. Бачаць: святло ў акенцы патухла, цёмна стала. І паслалі яны аднаго разбойніка паглядзець, што ў доме робіцца. Можа, дарэмна яны так напалохаліся. Падышоў разбойнік да дому, адчыніў дзверы, зайшоў на кухню. Бачыць: на печы два агеньчыкі гараць. «Напэўна, гэта вуголле, – падумаў разбойнік, – вось я зараз лучыну распалю».

Ткнуў ён агеньчык лучынкай, а гэта было кацінае вока. Раззлаваўся кот, ускочыў, зафыркаў, ды як драпане лапай, ды як зашыпіць.

Разбойнік – у дзверы. А тут яго сабака за нагу схапіў. Разбойнік – у двор. А тут яго асёл капытом убрыкнуў. Разбойнік – у вароты. А з варот певень як закрычыць:

– Кукарэку!

Кінуўся разбойнік з усіх ног у лес. Прыбег да сваіх таварышаў і кажа:

– Бяда! У нашым доме пасяліліся страшныя веліканы. Адзін мне ўвесь твар дзідай падрапаў, другі мне ножыкам нагу парэзаў, трэці мяне па спіне дубінай вытнуў, а чацвёрты закрычаў мне ўслед: «Трымай злодзея!»

– Ох, – сказалі разбойнікі, – трэба нам адсюль як мага хутчэй уцякаць.

І пайшлі разбойнікі з гэтага лесу назаўжды.

А брэменскія музыкі: асёл, сабака, кот і певень – засталіся жыць у іхнім доме, і цяпер там жывуць.

 

Пераклад Валянціна Лукшы.