Гаршчок кашы
Жыла-была адна дзяўчынка. Пайшла яна ў лес па ягады і сустрэла там бабульку.
– Дзень добры, дзяўчынка, – сказала ёй бабулька, – дай мне ягад, калі ласка.
– На, бабулька, – гаворыць дзяўчынка.
Паела бабулька ягад і кажа:
– Ты мне ягад дала, а я табе таксама нештачка падару. Вось табе гаршчочак. Варта толькі сказаць: «Раз, два, тры, гаршчочак, вары!» – і ён пачне варыць смачную салодкую кашу. А скажаш яму: «Раз, два, тры, больш не вары!» – і ён перастане варыць.
– Дзякуй, бабулька, – сказала дзяўчынка, узяла гаршчочак і пайшла дамоў да маці.
Абрадавалася маці гэтаму гаршчочку. Ды і як не радавацца? Без працы і клопату заўсёды на абед смачная салодкая каша будзе.
Вось аднойчы пайшла дзяўчынка з дому, а маці паставіла гаршчочак перад сабой і кажа: «Раз, два, тры, гаршчочак, вары!»
Ён і пачаў варыць. Шмат кашы наварыў. Маці паела ўволю. А гаршчочак усё варыць і варыць кашу. Як яго спыніць? Трэба было сказаць: «Раз, два, тры, больш не вары!» – ды маці не ўспомніла гэтыя словы, а дзяўчынкі дома не было. Гаршчочак варыць і варыць. Ужо ўся кухня поўная кашы, ужо і ў вітальні каша, і на ганку каша, а ён усё варыць і варыць. Спалохалася маці, пабегла шукаць дзяўчынку, ды не перабрацца ёй цераз дарогу: гарачая каша ракой цячэ. Добра, што дзяўчынка недалёка ад дому была. Убачыла яна, што на вуліцы робіцца, і бегам пабегла дамоў. Сяк-так узабралася на ганак, адчыніла дзверы і крыкнула: «Раз, два, тры, больш не вары!»
І перастаў гаршчочак варыць кашу.
А наварыў ён яе гэтулькі, што той, каму даводзілася з вёскі ў горад ехаць, павінен быў сабе ў кашы дарогу праядаць. Толькі ніхто на гэта не скардзіўся. Вельмі ўжо была каша смачная і салодкая.
Пераклад Уладзіміра Карызны