Рапунцаль

Аднойчы жылі на свеце муж і жонка; ім даўно ўжо хацелася мець дзіця, але яго ўсё не было. І вось, нарэшце, з'явілася ў жонкі надзея, што літасцівы Гасподзь здзейсніць яе жаданне.

А было ў іхнім пакойчыку маленькае акенца, адкуль быў бачны дзівосны сад, дзе расло шмат цудоўных кветак і ўсялякай зеляніны. Але сад быў абнесены высокай агароджай, і ніхто не асмельваўся ў яго заходзіць, таму што сад гэты належыў адной вядзьмарцы; яна валодала вялікай магутнасцю, і ўсе на свеце яе баяліся.

Стаяла неяк жонка ля акенца, зазірнула ў сад і пабачыла градку, а рос на ёй цудоўны рапунцаль (ад лац. – свірэпіца, з насення якой здабываюць алей.); і быў ён на выгляд такі свежы і такі зялёны, што ёй страх як захацелася пакаштаваць таго рапунцалю. Гэтае жаданне ў яе з кожным днём усё расло, але паколькі яна ведала, што яго дастаць ёй ніяк немагчыма, дык яна ўся схуднела, збялела і выглядала няшчаснай. Спалохаўся муж і пытаецца:

– Чаго табе, мая жоначка, не хапае?

– Ах, – гаворыць яна, – калі не здабыць мне з таго саду, што за нашым домам, зялёнага рапунцалю і не пакаштаваць яго, дык застанецца мне адно – памерці.

Муж вельмі яе кахаў і падумаў: «Калі ўжо маёй жонцы ад гэтага паміраць даводзіцца, дык я дастану для яе рапунцалю, чаго б гэта мне ні каштавала».

І вось пералез ён прыцемкам цераз каменную агароджу ў сад вядзьмаркі, нарваў спехам цэлыя прыгаршчы зялёнага рапунцалю і прынёс яго жонцы.

Яна адразу ж прыгатавала сабе з яго салат і з прагнасцю з'ела. І салат гэты ёй так спадабаўся, здаўся ёй такім смачным, што на другі дзень з'явілася ў яе жаданне ўтрая большае, чым раней. І яна не магла супакоіцца, пакуль муж не пагадзіўся палезці ў сад яшчэ раз.

Ён прабраўся туды прыцемкам, пералез цераз каменную агароджу, але моцна перапалохаўся, пабачыўшы перад сабою вядзьмарку.

– Як ты смееш лазіць у мой сад, – сказала яна разгневана, – і красці ў мяне, як злодзей, мой зялёны рапунцаль? Табе дрэнна будзе за гэта.

– Ах, – адказаў ён, – вы ўжо мне даруйце, я ж адважыўся на гэта з неабходнасці: мая цяжарная жонка пабачыла з акенца ваш зялёны рапунцаль і адчула такое жаданне пакаштаваць яго, што, мабыць, памерла б, каб яго не пакаштавала.

Гнеў у вядзьмаркі трошкі прайшоў, і яна сказала яму:

– Калі гэта праўда, што ты гаворыш, дык я дазволю табе набраць рапунцалю столькі, колькі ты пажадаеш, але пры адной умове: ты павінен будзеш аддаць мне дзіця, якое народзіцца ў тваёй жонкі. Яму будзе ў мяне добра, я буду пра яго клапаціцца, як родная маці.

І ён ад страху пагадзіўся на ўсё. Калі жонцы прыйшоў час нараджаць і яна нарадзіла дачку, зараз жа з'явілася вядзьмарка, назвала дзіця Рапунцаль і забрала яго з сабою.

Стала Рапунцаль самай прыгожай дзяўчынкай на свеце. Калі ёй споўнілася дванаццаць гадоў, вядзьмарка зачыніла яе ў вежу, што знаходзілася ў лесе; у той вежы не было ні дзвярэй, ні лесвіцы, толькі на самым яе версе было маленькае акенца. Калі вядзьмарцы хацелася забрацца на вежу, яна станавілася ўнізе і крычала:

 

Рапунцаль, Рапунцаль, прачніся,

Спусці свае косачкі данізу.

 

А ў Рапунцаль былі даўгія цудоўныя валасы, тонкія, быццам з залатога прадзіва. Пачуе яна голас вядзьмаркі, распусціць свае косы, падвяжа іх уверх да аконнага крука, упадуць валасы на цэлых дваццаць аршынаў уніз, – і ўзбіраецца тады вядзьмарка, ухапіўшыся за іх, наверх.

Прайшло некалькі гадоў, і неяк праязджаў там на кані каралеўскі сын. Раптам ён пачуў такі прыемны спеў, што спыніўся і пачаў прыслухоўвацца. Гэта Рапунцаль спявала сваім дзівосным голасам песню, бавячы на самоце час. Захацелася каралевічу ўзабрацца наверх, і ён пачаў шукаць уваход у вежу, але знайсці яго было немагчыма. Ён паехаў дадому, але спеў так запаў яму ў душу, што ён кожны дзень выязджаў у лес і слухаў яго.

Аднойчы стаяў ён за дрэвам і пабачыў, як з'явілася вядзьмарка і закрычала:

 

Рапунцаль, Рапунцаль, прачніся,

Спусці свае косачкі данізу!

 

Спусціла Рапунцаль свае косы ўніз, і ўзлезла вядзьмарка да яе наверх.

«Калі гэта і ёсць тая лесвічка, па якой узбіраюцца наверх, дык я таксама хачу аднойчы паспрабаваць шчасця», – падумаў каралевіч. І на другі дзень, калі пачало ўжо змяркацца, ён пад'ехаў да вежы і крыкнуў:

 

Рапунцаль, Рапунцаль, прачніся,

Спусці свае косачкі данізу!

 

І адразу ж упалі валасы ўніз, і каралевіч узабраўся наверх.

Рапунцаль, убачыўшы, што да яе ўвайшоў чалавек, якога яна ніколі не бачыла, спачатку моцна спалохалася. Але каралевіч ласкава з ёю загаварыў і расказаў, што яго сэрца было так кранута яе спевам і не было яму нідзе спакою, і вось ён вырашыў яе абавязкова пабачыць.

Тады Рапунцаль перастала палохацца, і калі ён запытаўся ў яе, ці згодна яна выйсці за яго замуж, – а быў ён малады і прыгожы, – яна падумала: «Ён будзе любіць мяне больш, чым старая фраў Готэль», – і дала сваю згоду і працягнула да яго рукі. Яна сказала:

– Я ахвотна пайду разам з табою, але не ведаю, як мне спусціцца ўніз. Калі ты будзеш да мяне прыходзіць, бяры кожны раз з сабою кавалак шоўку; я буду плесці з яго лесвічку, а калі яна будзе гатова, я спушчуся ўніз, і ты павязеш мяне на сваім кані.

Яны дамовіліся, што ён будзе прыходзіць да яе ўвечары, таму што днём прыходзіла старая. Вядзьмарка нічога не прыкмячала да тых часоў, пакуль аднойчы Рапунцаль не загаварыла з ёю і не сказала:

– Скажы мне, фраў Готэль, чаму мне цябе цягнуць наверх цяжэй, чым маладога каралевіча? Ён падымаецца да мяне ў адно імгненне.

– Ах ты, мярзотная дзяўчынка! – закрычала вядзьмарка. – Што я чую? Я лічыла, што схавала цябе ад усіх, а ты мяне ўсё-ткі падманула! – і яна ўчапілася ў раз'юшанасці ў цудоўныя валасы Рапунцаль, абматала іх некалькі разоў вакол левай рукі, а праваю схапіла нажніцы і – чык-чык! – адрэзала іх, і дзівосныя косы ўпалі на зямлю.

І была вядзьмарка такою бязлітаснай, што завяла няшчасную Рапунцаль у глухі гушчар. Ёй давялося там жыць у вялікай беднасці і горы.

Прагнаўшы Рапунцаль, вядзьмарка прывязала адрэзаныя косы да аконнага крука і, калі з'явіўся каралевіч і крыкнуў «Рапунцаль, Рапунцаль, прачніся, спусці свае косачкі данізу!», спусціла іх уніз.

Узабраўся каралевіч наверх, але не знайшоў там сваёй любай Рапунцаль, а пабачыў вядзьмарку. Яна зірнула на яго сваім злосным з'едлівым позіркам.

– Ага! – крыкнула яна насмешліва. – Ты хочаш звезці сваю каханую, але прыгажуні-птушачкі няма болей у гняздзечку, і яна ўжо не пяе. Яе знесла кошка, а табе да таго ж яна выдзера вочы. Ты страціў Рапунцаль навек, не бачыць яе табе больш ніколі!

Каралевіч у роспачы выскачыў з вежы; ён выжыў, але калючыя кусты шыпшыны, на якія ён упаў, выкалалі яму вочы. І ён блукаў сляпы па лесе, харчуючыся толькі адным карэннем ды ягадамі, і ўвесь час сумаваў і плакаў па страчанай ім любай жонцы.

Гэтак блукаў ён некалькі гадоў у горы і роспачы і зайшоў нарэшце ў густы гушчар, дзе жыла ў бядоце Рапунцаль разам з дзецьмі-блізнятамі – хлопчыкам і дзяўчынкаю.

Раптам пачуў каралевіч чыйсці голас; ён здаўся яму такім знаёмым, і ён пайшоў насустрач яму; а калі падышоў бліжэй, дык Рапунцаль яго пазнала, кінулася да яго на шыю і горка заплакала. Дзве слязінкі ўпалі яму на вочы, і ён зноў стаў бачыць, як раней. І ён прывёў яе ў сваё каралеўства, дзе сустрэлі яго з радасцю, і яны жылі доўгія-доўгія гады ў шчасці і багацці.

 

Пераклад Раісы Баравіковай