Румпельшцільцхен

Жыў калісьці на свеце млынар. Быў ён бедны, але была ў яго прыгажуня-дачка. Аднойчы надарылася яму гутарыць з каралём. І вось, каб выклікаць да сябе павагу, кажа ён каралю:

– Ёсць у мяне дачка, якая можа прасці з саломы залатую пражу...

Кажа кароль млынару:

– Справа гэта мне вельмі падабаецца. Калі дачка ў цябе такая мастачка, як ты кажаш, то прывядзі яе заўтра да мяне ў палац, я пагляджу, як яна гэта ўмее рабіць.

Прывёў млынар дзяўчыну да караля, адвёў яе кароль у пакой, у якім было шмат саломы, даў ёй калаўрот, верацяно і сказаў:

– А цяпер прымайся за працу. Але калі ты за ноч да раніцы не перапрадзеш усю салому ў залатую пражу, то чакай смерці.

Потым ён сам замкнуў яе, і засталася яна ў пакоі адна.

Вось сядзіць бедная млынарова дачка, не ведае, што ёй прыдумаць, як сваё жыццё выратаваць, бо не ўмела яна з саломы залатой пражы прасці. І зрабілася ёй так страшна, што яна заплакала. Раптам адчыняюцца дзверы і да яе ў пакой уваходзіць маленькі чалавечак і кажа:

– Добры дзень, маладая млынарка! Чаму ты так горка плачаш?

– Вой, – адказала дзяўчына, – я павінна перапрасці салому ў залатую пражу, але не ведаю, як гэта зрабіць.

А чалавечак і кажа:

– Што ты мне дасі, калі я табе яе перапраду?

– Свае каралі, – адказала дзяўчына.

Узяў чалавечак у яе каралі, падсеў да калаўрота, і – турр-турр-турр – тры разы пакруціцца кола – вось і намотана поўнае матавіла залатой пражы. І так працаваў ён да самай раніцы і перапраў усю салому, і ўсе матавілы былі поўныя залатой пражы.

Толькі пачало сонца ўзыходзіць, а кароль ужо тут як тут: убачыў залатую пражу, вельмі здзівіўся, абрадваўся, але сэрца яго яшчэ больш зрабілася прагным да золата. І ён загадаў адвесці млынарову дачку ў другі пакой, а быў ён большы за першы і таксама поўны саломы, і загадаў ёй, калі яна даражыць сваім жыццём, перапрасці ўсю салому за ноч.

Не ведала дзяўчына, што ёй рабіць, як свайму гору памагчы. Але зноў адчыніліся дзверы, з'явіўся маленькі чалавечак і спытаў:

– Што ты дасі мне, калі я перапраду табе салому ў золата?

– Дам я табе з пальца пярсцёнак, – адказала дзяўчына.

Узяў чалавечак пярсцёнак, пачаў зноў гудзець калаўротам і да раніцы перапраў усю салому ў бліскучую залатую пражу.

Убачыўшы цэлыя кучы залатой пражы, кароль абрадваўся, але і гэтага яму было мала, і ён загадаў адвесці млынарову дачку ў яшчэ большы пакой, які быў увесь завалены саломай, і сказаў:

– Ты павінна перапрасці ўсё гэта за ноч. Калі табе пашанцуе – станеш маёй жонкай.

А сам сабе падумаў: «Хоць яна і дачка млынара, але багацейшай жонкі не знайсці мне ва ўсім свеце».

Вось засталася дзяўчына адна, і з'явіўся ў трэці раз маленькі чалавечак і пытаецца:

– Што ты дасі мне, калі я і на гэты раз перапраду за цябе салому?

– У мяне больш няма нічога, што б я табе магла даць.

– Тады паабяцай мне свайго першынца, калі станеш каралевай.

«Хто ведае, як яно там складзецца!» – падумала млынарова дачка. Ды і ці было ў яе іншае выйсце? Давялося паабяцаць чалавечку тое, што ён прасіў. І за гэта той яшчэ раз перапраў салому ў залатую пражу.

Прыходзіць раніцою кароль і бачыць, што ўсё зроблена, як ён хацеў. Наладзілі вяселле, і прыгожая дачка млынара стала каралевай.

Праз год нарадзіла яна мілае дзіця, а пра таго чалавечка і не думала больш. І раптам неяк уваходзіць ён у яе пакой і кажа:

– А цяпер аддай мне тое, што абяцала.

Спалохалася каралева і пачала яму прапаноўваць багацці ўсяго каралеўства, каб толькі ён пакінуў ёй дзіця. Але чалавечак сказаў:

– Не, жывое мне падабаецца больш, чым усе скарбы ў свеце.

Засумавала каралева, заплакала, і пашкадаваў яе чалавечак:

– Даю табе тры дні тэрміну, – сказаў ён. – Калі за гэты час ты даведаешся, як мяне зваць, дзіця застанецца ў цябе.

Усю ноч каралева перабірала ў памяці розныя імёны, якія калі-небудзь чула, а ганца накіравала ездзіць па краіне і збіраць усе імёны, якія існуюць. На другі дзень з'явіўся маленькі чалавечак, і яна пачала пералічваць усё, што ведала, пачынаючы з Каспара, Мельхіёра, Бальтазара. Але на кожнае імя чалавечак адказваў:

– Не, мяне завуць не так.

Тады каралева загадала даведацца, як завуць суседзяў. Цяпер яна называла чалавечку самыя рэдкія імёны:

– А можа, цябе завуць Рэпенбіст, або Гамельсвадзе, або Шнюрбейн?

Але ён адказваў:

– Не, мяне завуць не так.

На трэці дзень вярнуўся ганец і сказаў:

– Ніводнага новага імя знайсці я не мог, але вось калі я падышоў да высокай гары, парослай густым лесам, дзе жывуць адны лісы ды зайцы, то ўбачыў маленькую хатку, перад ёй гарэў агонь і праз агонь скакаў смешны чалавечак. Ён скакаў на адной ножцы і крычаў:

– Сёння пяку, заўтра піва вару,

У каралевы дзіця адбяру.

Ой, добра, што ніхто не знае,

Што Румпельшцільцхен мяне называюць!

Можаце сабе ўявіць, як абрадвалася каралева, пачуўшы гэтае імя! І вось, калі ў яе пакой неўзабаве ўвайшоў гэты чалавечак і спытаў: «Ну, пані каралева, як жа мяне завуць?», яна спачатку сказала:

– Можа, Кунц?

– Не.

– А можа, Гейнц?

– Не.

– Дык, пэўна, ты Румпельшцільцхен!

– Гэта табе сам чорт падказаў, сам чорт падказаў! – заенчыў чалавечак і так моцна тупнуў у гневе правай нагой, што праваліўся ў зямлю па самы пояс. А потым шалёна схапіў абедзвюма рукамі левую нагу і сам разарваў сябе папалам.

 

Пераклад Яўгена Каршукова