Шэсць лебядзяў

Паехаў аднойчы кароль на паляванне ў вялікі глухі лес. Без стомы ганяўся ён за звярамі, і ніхто з яго людзей не мог за ім паспець. А тут ужо добра такі звечарэла; прытрымаў тады кароль свайго каня, азірнуўся і ўбачыў, што заблудзіўся. Давай ён шукаць дарогу, але знайсці ніяк не можа.

І вось убачыў ён у лесе бабульку, галава ў яе аж трэслася ад старасці; а ішла яна проста насустрач яму, і была гэта ведзьма.

– Бабуля, – кажа ёй кароль, – ці не маглі б вы паказаць мне дарогу з лесу?

– О, так, ваша ягамосць кароль, – адказала яна, – я гэта магу, але пры адной умове. Калі вы не выканаеце яе, то не выйсці вам з лесу ніколі і загінеце вы тут ад голаду.

– А якая ж гэта ўмова? – пытаецца кароль.

– Ёсць у мяне дачка, – гаворыць старая, – яна такая прыгажуня, якой вам у цэлым свеце не знайсці, і вартая яна таго, каб стаць вашай жонкай; калі вы згодны зрабіць яе каралевай, дык я пакажу вам дарогу з лесу.

Кароль ад страху згадзіўся, і старая прывяла яго ў сваю хаціну, дзе ля печы сядзела яе дачка. Яна сустрэла караля так, нібы толькі яго і чакала; і ўбачыў кароль, што дзяўчына вельмі прыгожая, аднак яна не спадабалася яму, і ён не мог пазіраць на яе без затоенага страху. Калі кароль пасадзіў дзяўчыну на каня, старая паказала яму дарогу і кароль зноў вярнуўся ў свой каралеўскі замак, дзе яны і справілі вяселле.

А кароль ужо быў аднойчы жанаты, і ад першай жонкі было ў яго сямёра дзяцей: шэсць хлопчыкаў і адна дзяўчынка. Ён любіў іх больш за ўсё на свеце, і баяўся, каб не пачала мачыха дрэнна з імі абыходзіцца, каб не зрабіла ім якога ліха. І вось адвёз ён дзетак у таемны замак, які знаходзіўся якраз пасярод лесу. Замак быў так схаваны ў лясным гушчары і так цяжка было адшукаць да яго дарогу, што і сам кароль не заблукаў бы, каб не падаравала яму адна чарадзейка клубок чароўных нітак; і быў той клубок такі, што варта кінуць яго перад сабою, як ён сам размотваўся і паказваў шлях-дарогу.

Вельмі часта ездзіў кароль да сваіх любых дзяцей у лес, і нарэшце каралева зацікавілася яго адлучкамі; захацелася ёй даведацца, што ён робіць у лесе адзін. Шмат грошай дала яна сваім слугам, і яны выдалі ёй таямніцу, а таксама расказалі пра клубок нітак, які адзіны можа паказаць туды дарогу. І не мела яна спакою да той пары, пакуль не выведала, дзе кароль хавае гэты клубок. Затым пашыла яна з шоўку маленькія белыя сарочкі і зашыла ў іх свае чары, бо яшчэ ад маці ведала сакрэты чарадзейства.

Вось аднойчы паехаў кароль на паляванне, а яна ўзяла тыя сарочкі і выправілася ў лес, і клубок паказаў ёй шлях-дарогу. Дзеці ўбачылі здалёку, што нехта набліжаецца, падумалі, што гэта ідзе да іх дарагі бацька, і радасна выбеглі насустрач. Тады яна накінула на кожнага з іх сарочку; і як толькі дакрануліся тыя сарочкі да іхняга цела, ператварыліся браты ў лебедзяў, узняліся над лесам і паляцелі.

Вярнулася каралева дамоў дужа задаволеная, думаючы, што яна пазбавілася ад сваіх пасынкаў; але дзяўчынка не выбегла разам з братамі насустрач ёй, а каралева гэтага не заўважыла. На наступны дзень кароль прыйшоў праведаць сваіх дзяцей, але знайшоў толькі дачку.

– А дзе ж твае браты? – спытаўся ён.

– Бяда, дарагі татка, – адказала дачка. – Яны паляцелі і пакінулі мяне адну. – І дзяўчынка расказала яму, што бачыла з акенца, як браты лебедзямі праляцелі над лесам, і паказала пер'е, якое скінулі яны на падворку і якое яна падняла.

Замаркоціўся кароль, але не ведаў, што гэтую нядобрую справу зрабіла каралева. Ён спалохаўся, што ў яго ўкрадуць і дачку, і вырашыў забраць яе з сабою. Але яна баялася мачыхі і ўпрасіла караля пакінуць яе яшчэ на адну ноч у лясным замку.

Бедная дзяўчынка падумала: «Нядоўга мне заставацца тут: пайду я на пошукі сваіх братоў».

Ледзь толькі ноч апусцілася на лес, выбегла яна з замка і пайшла проста ў лясны гушчар. Праблукала ўсю ноч і ўвесь дзень, пакуль, нарэшце, ад стомы ісці ўжо не магла. І заўважыла яна паляўнічы домік, увайшла ў яго, бачыць – пакой, а ў ім шэсць маленькіх ложкаў, але яна не адважылася легчы, а залезла пад адзін з ложкаў і вырашыла там начаваць.

Неўзабаве сонца зайшло, яна пачула шум і ўбачыла, што прыляцелі да акна шэсць лебедзяў. Яны ўселіся на акне і пачалі здзьмухваць сваё пер'е, і вось лебядзіны ўбор зваліўся з іх, як сарочка. Зірнула на іх дзяўчынка, пазнала сваіх братоў, узрадавалася і вылезла з-пад ложка. Браты ўбачылі сваю сястру і ўсцешыліся не менш за яе, але радасць іх была кароткай.

– Табе нельга заставацца тут, – сказалі яны, – гэта прытон разбойнікаў. Калі разбойнікі вернуцца і знойдуць цябе тут, яны заб'юць цябе.

– А хіба вы не можаце мяне абараніць? – спытала ў іх сястрычка.

– Не, – адказалі яны, – мы можам скідаць свой лебядзіны ўбор толькі на чвэрць гадзіны вечарам, тады мы становімся людзьмі, а затым зноў ператвараемся ў лебедзяў.

Заплакала сястрычка і кажа:

– А хіба нельга зняць з вас чары?

– Не, – уздыхнулі яны, – зрабіць гэта вельмі цяжка. На працягу шасці гадоў ты не павінна ні гаварыць, ні смяяцца, і мусіш пашыць нам за гэты час шэсць сарочак з кветказору. А калі ты вымавіш хоць адно слова, дык уся твая праца прападзе.

Пакуль браты расказвалі ёй пра гэта, мінула чвэрць гадзіны, і яны зноўку сталі лебедзямі і вылецелі праз акно.

Але дзяўчынка цвёрда вырашыла вызваліць сваіх братоў, нават калі б дзеля гэтага спатрэбілася яе жыццё. Яна пакінула паляўнічы домік і пайшла ў самы гушчар, залезла на дрэва і там пераначавала. Ранкам яна спусцілася з дрэва, назбірала кветказору і пачала шыць. Размаўляць ёй не было з кім, а смяяцца і зусім не хацелася...

Так мінула шмат часу, і здарылася, што кароль той краіны паляваў у лесе, і яго егеры пад'ехалі да дрэва, на якім сядзела дзяўчынка. Яны паклікалі яе:

– Хто ты?

Яна нічога не адказала.

– Спусціся да нас, – папрасілі яны, – мы нічога дрэннага табе не зробім.

Але яна толькі галавой пакруціла.

Калі яны пачалі яе распытваць, яна скінула ім залатыя каралі і думала, што яны задаволяцца гэтым. Але яны ўсё задавалі і задавалі пытанні; тады яна скінула ім свой пояс; але калі і гэта не дапамагло, скінула ім свае падвязкі, такім чынам неўзабаве яна аддала ім усё, што на ёй было, і засталася ў адной сарочцы. Але егеры і тады не адчапіліся ад яе; яны залезлі на дрэва, знялі яе адтуль і прывялі да караля. Кароль спытаў:

– Хто ты? Што ты там робіш на дрэве? – Але яна нічога не адказала.

Ён распытваў яе на ўсіх мовах, якія толькі ведаў, але яна заставалася маўклівай, як рыба. А была яна прыгожая, і кароль моцна ў яе закахаўся. Ён укутаў яе ў свой плашч, пасадзіў перад сабой на каня і прывёз у свой замак. Ён загадаў апрануць яе ў багатыя ўборы, і стала яна яшчэ прыгажэйшаю. Але нельга было дабіцца ад яе хоць слова. Ён сеў ля стала побач з ёю, і сціпласць яе і нясмеласць так спадабаліся яму, што ён сказаў:

– Вось з гэтай хачу я ажаніцца і ні з якой іншай на свеце.

І праз колькі дзён ён павянчаўся з ёю. Але была ў караля злая маці. Ёй не спадабалася яго жаніцьба і яна пачала распускаць плёткі пра маладую каралеву.

– Хто ведае, адкуль узялася гэтая дзеўка? – гаварыла яна. – Ніводнага слова прамовіць не можа; яна не вартая быць жонкай караля.

Праз год, калі каралева нарадзіла першынца, старая забрала яго, а каралеве, пакуль тая спала, вымазала рот крывёю. Затым яна пайшла да караля і сказала, што ягоная жонка людаедка. Кароль не хацеў у гэта верыць і не дазволіў прычыніць каралеве зло. А яна ўвесь час шыла сарочкі і ні на што іншае не звяртала ўвагі.

Калі ж зноў нарадзіла яна прыгожага хлопчыка, ліхая свякруха зноўку ўчыніла такі ж самы падман, але кароль не хацеў верыць яе злосным словам. Ён сказаў:

– Яна вельмі сціплая і добрая і не магла здзейсніць такое; калі б яна не была нямая, дык даказала б сваю невінаватасць.

Але старая і на трэці раз украла нованароджанае немаўлятка і абвінаваціла каралеву, якая не прамовіла ні слова ў сваю абарону. Каралю ж заставалася толькі адно: аддаць яе пад суд. І прысудзілі спаліць яе на вогнішчы.

Надышоў дзень выканання прысуду, а быў гэта якраз апошні дзень з тых шасці гадоў, на працягу якіх яна не магла ні гаварыць, ні смяяцца.

Яна пашыла за гэты час шэсць сарочак, і толькі на апошняй сарочцы яшчэ не было левага рукава.

Калі павялі яе на вогнішча, захапіла яна з сабой сарочкі; і калі завялі яе ўжо на памост і вось-вось павінны былі распаліць вогнішча, азірнулася яна і бачыць – ляцяць да яе шэсць лебедзяў. І зразумела яна, што блізка яе вызваленне, і затрапятала ў яе сэрца ад радасці.

Шумна падляцелі да яе лебедзі і апусціліся так нізка, што яна паспела кінуць ім сарочкі; і як толькі да іх дакрануліся тыя сарочкі, зваліліся з іх лебядзіныя ўборы, і сталі перад ёй яе браты, жывыя, здаровыя, і па-ранейшаму прыгожыя, толькі ў малодшага не хапала левага рукава, і таму на спіне ў яго засталося лебядзінае крыло. Пачалі яны абдымацца ды цалавацца, і прыйшла каралева да караля. Як жа ён здзівіўся, калі яна загаварыла і сказала:

– Мой любы кароль, з гэтай пары я магу размаўляць і скажу табе, што я ні ў чым не вінаватая, – і яна расказала яму пра падман старой свекрыві, якая забрала і схавала траіх яе дзяцей. І прынеслі іх у замак на вялікую радасць караля, а злосную свякроў у пакаранне спалілі на вогнішчы, і застаўся ад яе адзін толькі попел.

А кароль і каралева разам з шасцю сваімі братамі жылі мірна і шчасліва доўга-доўга.

 

Пераклад Максіма Валошкі