Як паўстаў мураваны Стары замак у Гародні

Некалі даўно Горадня была маленькім горадам, абнесеным драўлянай сцяной і земляным валам. Праўда, частка сцяны была зроблена з плінфы — такой асаблівай тонкай і быццам распляжанай цэглы, — але гэта быў толькі адзін кавалак сцяны з заходняга боку, які здзіўляў купцоў, што падплывалі да Горадні з мора па Нёмане. Збольшага абарончыя прыстасаванні — сцены і вежы — былі з дрэва, якога багата было ў Гарадзенскай пушчы вакол места. Адно толькі казалі прыхадні, што розныя часткі сценаў не давядуць да дабра. Людзі тады меркавалі, што няма сілы ў тым, што не знітавана адзінствам.

У тыя старадаўнія часы жыў-быў у Горадні маленькі хлопчык. Гэта быў звычайны хлопчык, падобны да цябе. Ён таксама, як і ты, любіў сваіх бацькоў. Адна бяда была — ніхто з малым не хацеў сябраваць. Усе дзеці былі большыя і зусім не зважалі на малога.

Аднаго разу, рана на досвітку, малы падняўся, каб пайсці з бацькамі ў грыбы. Выйшаў ён за гарадскую сцяну, пакуль бацькі яшчэ збіраліся, і раптам бачыць: на ўзгорку ляжыць вялікі срэбны вуж з адным зубам, што тырчыць угору. Быў той вуж аграмадны, але малы чамусьці зусім яго не спалохаўся. Асабліва хацелася хлопчыку дакрануцца да лусак, якімі быў пакрыты вуж. Хлопчык дакрануўся да срэбнага боку вужа — і той прачнуўся.

— Дзякуй, хлопчык, што ты мяне збудзіў. Я магу выходзіць з-пад зямлі толькі ўночы, а заставацца наверсе мне можна толькі да першых промняў сонца. Калі б ты мяне сёння не збудзіў, я б укамянеў пад ранішнімі промнямі сонца.

Вуж паварушыўся, і срэбныя лускі бліснулі чароўнымі промнямі.

— Цяпер я мушу табе аддзячыць, — сказаў вуж, — Ты выратаваў маё жыццё, і, значыць, можаш прасіць усё, што пажадаеш.

Хлопчык паглядзеў на вужа ды кажа:

— Што мне прасіць у цябе? Я нічога такога не зрабіў. Мне проста спадабаўся колер тваёй скуры і я да цябе дакрануўся. Калі ты не будзеш супраць, то я проста хачу з табой сябраваць.

Абрадаваўся вуж, што хлопчык нічога не папрасіў для сябе, і пагадзіўся сябраваць з ім.

І пачалі яны сябраваць. Вуж запрасіў хлопчыка да сябе ў нару. Аказваецца, вуж рыў доўгія тунэлі пад зямлёй. Гэтыя хады йшлі не толькі пад старой часткай горада: яны вялі з аднаго берагу Нёмана да другога і ад адной гары, на якой стаіць Горадня, да другой. Хлопчык быў першым, хто спусціўся пад зямлю ў прарытыя за тысячагоддзі падземныя хады. Удзень, калі свяціла сонца і малому не трэба было дапамагаць бацькам, вуж і малы бавілі час у падзямеллях, а ўвечары яны разам глядзелі альбо на неба, альбо ў цёмную ваду, а часам апавядалі адно аднаму байкі.

Вуж, такі страшны для іншых, насамрэч быў вельмі добрым. Ён нікому і ніколі не шкодзіў. Адзінае, чым вуж займаўся, — рыў у зямлі хады. Для гэтага яму патрэбныя былі аграмадныя зубы, якія некалі тырчалі з ніжняй пашчэнкі ўгору і так палохалі людзей. Але зараз у вужа застаўся толькі адзін доўгі зуб — бо іншыя зубы ён зламаў, капаючы ў зямлі свае хады. Цяпер новыя хады капаць было зусім нязручна, і вуж радаваўся, што можа бавіць час з малым.

І так здарылася, што аднаго разу маланка патрапіла акурат у драўляную сцяну горада, і абарончыя сцены згарэлі. Успомнілі людзі прароцтвы прыхадняў і зразумелі, што прыйшла бяда.

Як зніклі драўляныя сцены, то адчулі ваўкі, якія жылі ў пушчы вакол Горадні, што могуць напасці. І пачалі людзі заўважаць з кожным днём усё больш і больш ваўкоў у ваколіцах горада. Неўзабаве ўжо нават выходзіць з гарадзішча было небяспечна. Страшна ўсім стала. Нават ваду не было як прынесці.

Назбіралася тых ваўкоў каля нашага горада так шмат, што ўсё наваколле здавалася шэрым, у паветры быў чуваць ваўчыны пах, а ўночы ўвесь лес свяціўся жоўтымі агеньчыкамі ваўчыных вачэй.

І прыйшоў дзень, калі гарадзенцы зразумелі, што гэтае ночы ваўкі нападуць на горад. Але як толькі настала ноч і ваўкі пачалі падбірацца да гарадзішча, раптам з-пад зямлі выпаўз аграмадны вуж з адным зубам.

Спалохаліся тады ваўкі срэбнага вужа ды адступіліся. Але ведалі шэрыя драпежнікі, што вуж можа выходзіць толькі ўночы, і вырашылі дачакацца раніцы, каб напасці на людзей.

Гарадзенцы ў жаху чакалі ўзыходу сонца, бо было тых ваўкоў так шмат, што пра паратунак і думаць не было як.

І вось пачало віднець. Тады паглядзеў вуж на маркотнага хлопчыка і вырашыў яму дапамагчы. Кажа вуж:

— Не бойся хлопчык, я застануся і абараню цябе, бо ты мой сябар! Разам з табой я абараню ўсіх жыхароў горада, бо яны блізкія табе людзі, а значыць — яны, як і ты, мае сябры. Памятаю, што некалі выратаваў ты мне жыццё, то і я цябе выратую…

А хлопчык адказвае:

— Не, я ведаю, што калі ты застанешся, то ўкамянееш у промнях сонца!

— Так, — адказвае вуж, — але я пражыў даволі, і час прыйшоў мне саслужыць найлепшую службу свайму самаму лепшаму сябру.

З гэтымі словамі лёг вуж вакол гарадзішча і ўзяў свой хвост у зубы. Вуж зрабіў кола па самым ускрайку трэцяй гары, а гарадзенцы стаялі ўсярэдзіне гэтага срэбнага кола, зачараваныя. Замкнулася чароўнае вужовае кола.

З першымі промнямі сонца вуж укамянеў і ператварыўся ў срэбныя сцены каменнага замка. Там, дзе былі галава і рот вужа, утварыліся вароты, а адзіны велізарны зуб ператварыўся ў высокую баявую вежу.

Пастаялі тады ваўкі, пастаялі ды зразумелі, што не дадуць рады гораду з такімі каменнымі мурамі, і пакінулі гарадзенцаў у спакоі.

З таго часу не толькі ваўкі, а шмат якія ворагі спрабавалі захапіць нашу слаўную Горадню, але ніхто не мог узяць сцены каменнага Старога замка сілай. Старыя казалі, што гэта дзякуючы замкнёнаму колу і чароўнай срэбнай лусцэ вужа, які і сёння бароніць нашчадкаў свайго найлепшага сябра…