Як Гародня атрымала свой герб

Некалі даўно вакол Гародні рос вялікі і густы лес, які называлі «Гарадзенскай пушчай». Шмат у гэтай пушчы вялося розных звяроў. Раз на год прыязджаў сюды вялікі князь наш і кароль са сваёю служылай шляхтай на паляванні.

Аднаго разу пасля палявання сын ганчара з Горадні пайшоў за сцены горада набраць дроў у лесе і ля крынічкі знайшоў маленькае аленянё, маці якога, відаць, упалявалі, і малеча засталася зусім адна.

Хлопчык загарнуў аленянё ў свой кажушок і прынёс аслаблую істоту ў горад. Ішлі месяцы, а аленянё ўсё жыло ў Горадні. Гарадзенцы палюбілі яго і збудавалі ў цэнтры горада адмысловую хатку для аленяняці. Кожны гараджанін прыносіў малечы штось з’есці.

Вельмі моцна палюбілі гарадзенцы таго аленя. Калі алень заходзіў да каго з гараджан на надворак, лічылася, што ён прыносіць шчасце. Алень свабодна хадзіў па горадзе, а таксама сам выходзіў за гарадскія сцены, але штовечар вяртаўся на сваё ўлюбёнае месца пасярэдзіне гарадской плошчы за сценамі старога замка.

Праз год ператварылася маленькае аленянё ў вялікага і ладнага аленя з вялікімі і ладнымі рагамі. А кожны з гарадзенцаў пачаў лічыць таго аленя сваім, родным, блізкім.

Роўна праз год і адзін дзень пасля таго, як яго, маленькага, прынеслі ў горад, на досвітку алень выйшаў у пушчу. Гараджане пачулі гукі паляўнічых трубаў і брэх паляўнічых сабак далёка ў пушчы і зразумелі, што пачалося каралеўскае паляванне. Вельмі турбаваліся гарадзенцы за свайго аленя, баяліся, каб паляўнічыя не выйшлі на яго след.

І вось пад вечар гарадзенцы пачулі, як паступова брэх сабак пачаў набліжацца да сценаў горада, а ў вароты забег узмылены і вельмі стомлены алень. Гарадзенцы зразумелі, што паляванне хутка будзе пад сценамі горада і аленя знойдуць.

Горад і гарадскія сцены — гэта адзінае, што магло абараніць любімага і дарагога для кожнага гарадзенца аленя.

Гараджане ўсе выйшлі на плошчу і пачалі раіцца, і ўсе разам вырашылі абараніць аленя, не аддаваць яго вялікаму князю і каралю, бо алень — гэта быў адзін з гараджан.

Упершыню гараджане зачынілі вароты перад сваім князем і каралём.

Пад’ехала каралеўскае паляванне і бачыць, што вароты горада зачыненыя. Ніколі яшчэ такога не было, каб вароты зачынілі перад сваім каралём. Вельмі раззлаваўся вялікі князь і кароль наш і загадаў адчыніць вароты і аддаць яго здабычу — аленя, які схаваўся за гарадзенскімі сценамі.

Але гарадзенцы папрасілі прабачэння ў князя і караля свайго і сказалі, што не могуць выдаць аднаго са сваіх нават каралю. Горад, гарадскія сцены і гараджане — гэта адзіная абарона, што засталася ў аленя.

Гэтыя словы яшчэ больш раззлавалі нашага князя і караля, і сказаў тады ён, што калі гарадзенцы не выдадуць яму аленя да першых промняў сонца, ён спаліць горад і знішчыць назаўсёды сцены, якія абаранялі гарадзенцаў.

Кароль загадаў сабраць войскі і гарматы, і цэлую ноч да Горадні збіраліся войскі, якія акружылі горад. Вайскоўцы выкацілі гарматы і накіравалі іх на сцены горада.

А гарадзенцы не збіраліся страляць у сваіх, яны проста хацелі абараніць аленя. Сабраліся тады гараджане са свечкамі і паходнямі на цэнтральнай плошчы, сталі вакол аленя і пачалі маліцца, каб божанька дапамог ім і выратаваў і гараджан, і аленя ад каралеўскага гневу.

І вось пачало пакрысе віднець, і вялікі князь і кароль наш меўся быў ужо аддаць загад страляць па мурах замка, і падняў быў нават руку, як раптам убачыў, што над сценамі горада на фоне сіняга ранішняга неба лунае алень. А паміж яго рагоў свеціцца залаты крыж. Укленчыў тады наш вялікі князь і кароль і зразумеў, што гэта вестка яму.

Падышоў тады наш князь і кароль да варот і сказаў, што не будзе караць гарадзенцаў і не хоча забіраць аленя ад іх. А за тое, што абаранілі гарадзенцы свайго аленя і не выдалі яго, паабяцаў даць правы на самакіраванне гараджанам, а гербам зрабіў аленя, які лунае над сценамі замка на нябесна-сінім фоне з залатым крыжам паміж рагамі.

З таго часу маюць гарадзенцы свой герб — аленя, а горад атрымаў асаблівае права: той, хто пражыў за сценамі горада год і адзін дзень, станавіўся гарадзенцам і атрымліваў свабоду, нават калі раней ён быў рабом.