Пра царкву Святых Барыса і Глеба на Нёмане

Загадаў аднаго разу гарадзенскі князь збудаваць царкву на пасадзе, каб людзі яе бачылі ды радаваліся. І павінна была быць тая царква такою, якой яшчэ нідзе і ні ў каго не было. Узяліся тады майстры-дойліды за справу. Вырашылі яны, што для таго, каб царква была асабліваю, трэба ў сцены закласці рознакаляровыя валуны. Пачалі тых валуноў шукаць у полі, але нідзе не маглі іх знайсці. Хоць камення было дастаткова, ладных валуноў не знаходзілі. А вакол Гародні тады былі язычніцкія капішчы. І на тых капішчах найлепшыя валуны стаялі па дубравах у адмысловых спіралях ды колах. Былі тыя валуны найлепшымі, бо стагоддзямі іх адбіралі для капішчаў. І вырашылі тады майстры забраць тыя валуны, каб умураваць іх у сцены, каб свяціліся яны на сонцы.

Вывалаклі, значыцца, дойліды каменне з капішчаў і заклалі іх у царкоўныя сцены. А меншыя камяні ўмуравалі вялікімі і малымі крыжамі. Ладную царкву змуравалі майстры.

Прыняў працу князь, узнагародзіў іх, а праз некаторы час зранку прыходзяць людзі да царквы — а царквы няма. Плінфа гарою ляжыць, а валуноў — аніводнага няма.

Вельмі здзівіліся тады гарадзенцы, і князь, і майстры. А яшчэ больш здзівіліся, калі пабачылі, што ўсе валуны па сваіх дубравах стаяць.

Загадаў тады князь другую царкву змураваць і папярэдзіў дойлідаў, што сам праверыць, ці моцныя сцены, каб больш не развальваліся.

Тады выбралі новае месца для царквы за гарадскімі сценамі, каб пільнаваць царкву і каб ніякі зламыснік не здолеў раскідаць змураваныя сцены.

Павыцягвалі ізноў тыя валуны, абпалілі глінянай плінфы ды змуравалі новую царкву, яшчэ ладнейшую ад папярэдняй. Стаяла царква ў горадзе за гарадскімі сценамі, сваімі камянямі грала на сонцы ды людзей хараством сваім радавала.

Доўга так ці не надта стаяла тая царква, але аднойчы прачнуліся гарадзенцы, а заместа сценаў — толькі друз гурбамі ляжыць, а камянёў — аніводнага не засталося. Як людзі ні пільнавалі, нічога зрабіць не здолелі. Усе як адзін камяні ў дубравы паўцякалі. І другая, значыцца, царква развалілася.

Раззлаваўся тады князь на дойлідаў-майстроў і загадаў у тры дні змураваць новую царкву. А калі тую царкву не змуруюць, ці не дай бог упадуць яе сцены — пакляўся князь, што пакарае смерцю муляраў-няздар. Для таго каб ведаць, хто з майстроў кепскую плінфу зрабіў, загадаў князь кожнаму майстру сваё кляймо на плінфу ставіць, каб можна было пазней вызначыць вінаватых. Тады пачалі майстры на кожнай плінфе ставіць свой знак, каб ведаць, ад недагляду каго царква магла ўпасці.

Збаяліся тады дойліды, дый усе гарадзенцы. Доўга маліліся яны Богу, каб паспрыяў іхняй працы, каб дапамог царкву змураваць ды жывымі застацца.

Звярнуліся тады дойліды да Бога і моцна прасілі дапамогі. І пачуў іх Ісус Хрыстос, і адправіў ім на дапамогу двух святых Барыса і Глеба. Паколькі рабіць царкву можна было толькі тры дні і тры ночы, то дазволіў Ісус Хрыстос святым Барысу і Глебу на тры дні і тры ночы прыйсці ў Гародню, каб дапамагчы дойлідам. У час, як адзін са святых стамляўся і клаўся адпачываць, другі яго падмяняў.

І як убачылі гарадзенцы, што святыя сыходзяць на чацвёртую гарадзенскую гару, зразумелі, што царкву трэба рабіць акурат на гэтай гары. І паверылі дойліды ў свае сілы, і пачалі рабіць плінфу, а Барыс і Глеб тым часам пайшлі ў дубравы, загадалі валунам упасці ў ваду і па Нёмане прыплысці да чацвёртай гары. Кожны камень святыя асвячалі і сваімі рукамі ўкладалі ў сцены між плінфай.

Усё было добра — і сцены, і вежы, і столь — адно мала часу — тры дні і тры ночы. І праз гэта не хапіла часу змураваць чацвёртую сцяну з боку Нёмана. За дзень толькі адну сцяну паспявалі мураваць.

Як прыйшоў час вяртацца на неба, святыя развіталіся і, блаславіўшы гарадзенцаў на працу, вярнуліся на неба, а дойліды ўжо самі, пакуль князь аглядаў тры першыя сцяны, паўкладалі валуны. І апошні камень уклалі акурат, як князь увайшоў у царкву Бога ўславіць за гэтакі цуд.

Спадабалася новая царква князю і ўпадабалі яе людзі, бо сапраўдны цуд быў у яе пабудове. Прасілі дойліды і гарадзенцы князя высвяціць гэтую царкву ў імя Барыса і Глеба.

Як царква стала Барысаглебскай, святыя Барыс і Глеб сталі па чарзе цікаваць за царквой і апекавацца над ёй, адводзячы ўсе нягоды. Пакуль адзін адпачываў, другі сачыў, каб што не здарылася з царквою.

Так царква прастаяла год, і другі, і сто год, і наступныя некалькі стагоддзяў. Але аднаго разу на небе, стаміўшыся ад працы, Барыс і Глеб заснулі. І як толькі яны заснулі, тыя камяні, што ўмуроўвалі ў сцены простыя людзі, павыляталі са сцяны ды, упаўшы ў Нёман, паплылі на сваё ранейшае месца. Ад гэтага адна сцяна царквы і абвалілася.

Да сёння яшчэ наша самая знакамітая царква святых Барыса і Глеба стаіць з адной часовай сцяной, зробленай з дрэва. Не могуць пакуль знайсці тыя валуны, што выслізнулі са сцяны і сплылі Нёманам.