Адкуль у Гародні ёсць Белыя росы
Аднаго разу просіць святая апякунка Беларусі Ефрасіння ў Маці Божай:
— Дазвольце мне, калі ласка, спусціцца хоць раз на зямлю маю родную, прайсціся і паглядзець, як маецца мой народ любімы — беларусы.
А Маці Божая ведала, што акурат у гэты час вайна на нашых землях была. Не хацела яна, каб Ефрасіння журылася, то кажа:
— Мо як іншым разам сходзіш, а зараз пасядзі са мной, пагамонім крыху.
Так прайшоў час, а на зямлі гэта — гады́. Скончылася вайна — і адразу новая пачалася…
Другі раз кажа Ефрасіння:
— Адпусціце мяне да маіх людзей, зачакаліся яны мяне.
А Маці Божая ізноў кажа:
— Так, хутка пойдзеш, адно пасядзі крыху са мной.
І яшчэ яны пасядзелі. Тады вайна скончылася, а тут новыя злодзеі на нашую зямлю ўварваліся і новая вайна пачалася, ды такая, што ранейшыя войны проста забаваю выглядалі ў параўнанні з гэтай. Уся зямля, трава і нават рэкі набрынялі крывёй.
Трэці раз кажа Ефрасіння:
— Не магу больш трываць, чую, што патрэбная я сваім людзям родным, не трымайце мяне, дзеля бога, моцна мяне просяць беларусы прыйсці.
Тады Маці Божая кажа:
— Добра. Ідзі.
А для таго, каб Ефрасіння не ўбачыла ўсіх жахаў, — напусціла густога туману. Ідзе Ефрасіння, а па ўсёй Беларусі толькі густы туман на ўсім ляжыць і нічога не відаць.
Тады дзьмухнула Ефрасіння сваім цёплым дыханнем, і растаў туман. Ператварыўся ён у чыстую белую расу. І так той белай расы было шмат, што змыла яна ўсю кроў з зямлі ды травы. Ад гэтага вайна і спынілася.
А было тое, як стаяла Ефрасіння акурат пад Гародняй, адсюль і назву мае гэтае месца — Белыя росы. Некалі гэта была вёска, а цяпер — частка гораду.
Гэта слаўнае месца і сёння называецца Белыя росы, бо гэта тое самае месца, дзе стаяла святая апякунка Беларусі Ефрасіння, калі расой ачысціла нашую зямлю ад крыві і жахаў вайны.