Чаму знікла гарадзенская ратуша

Жылі ў нашым слаўным горадзе выдатныя майстры. Працавітыя ўсё гэта былі людзі. І ўдзень, і ўночы завіхаліся яны на працы, і здавалася, ніколі ім няма спачынку. Ад гэтага заможнаю і ладнаю была ў тыя часы Гародня.

Убачыў вялікі князь і кароль, які працавіты і адказны люд жыве ў Горадні, і вырашыў дазволіць гарадзенцам пабудаваць месца, дзе б яны супольна маглі вырашаць свае праблемы. Тады на цэнтральнай плошчы — на Рынку, дзе кожны дзень хоць раз быў кожны гарадзенец, паставілі Ратушу. Гэта быў велічны будынак з вежай і гадзіннікам. Сюды сыходзіліся ўсе гараджане, каб раіцца, што ім трэба рабіць для гарадзенцаў і для горада.

Доўга Ратуша была асноўным месцам, дзе збіраліся гарадзенцы. Гэта быў не толькі сімвал працавітасці гараджан, але ў першую чаргу — згоды паміж імі. Пакуль была згода паміж гарадзенцамі, Ратуша расла ў цэнтры горада, і чым большай была згода — тым большай рабілася Ратуша. Хутка вежа Ратушы ўзвышалася над усімі будынкам, і нават над абарончымі, царкоўнымі і касцельнымі вежамі.

Рамеснікі, майстры і работнікі штодня раненька паднімаліся разам з боем гадзінніка на Ратушы і клаліся спаць разам з боем ратушнага гадзінніка позна ўночы. Так у працы і ў споры ішло шчаслівае жыццё месцічаў.

Але адчынілі ў Гародні на той самай плошчы карчму. Месцілася тая карчма акурат насупраць Ратушы. І паціху людзі замест таго, каб прыходзіць у Ратушу і вырашаць там агульныя для ўсіх месцічаў пытанні, пачалі гуртавацца ў карчме. Замест пытанняў грамады і горада пачалі людзі ў карчме вырашаць свае ўласныя праблемы. Адны сядалі за адным сталом, другія за другім, трэція за трэцім. Кожны стол рабіў свой закалот і спрабаваў усіх прымусіць прыняць рашэнне толькі на карысць месцічаў, якія сядзелі за гэтым сталом. Іншыя сталы ў сваю чаргу рабілі свае змовы, каб супраціўляцца першым.

Ніхто не заўважыў, як у горад замест згоды прыйшлі змовы і сваркі. Людзі ўсё менш раіліся ў Ратушы і ўсё больш хадзілі ў карчму згаворвацца, хто і што можа зрабіць для іх асабіста, што і як можна ўрваць для сябе. Перасталі людзі думаць пра горад і пра супольнасць…

Як не ўбачылі гарадзенцы таго, што перасталі збірацца ў Ратушы, як не звярнулі ўвагу на ўзніклыя закалоты, так ніхто і не заўважыў, як Ратуша пачала памяншацца. І чым больш сварыліся людзі, чым больш паміж імі не было згоды — тым меншым рабіўся будынак Ратушы.

І вось аднойчы зранку месцічы не прачнуліся пад гукі свайго ратушнага гадзінніка. Калі месцічы выйшлі на рынкавую плошчу — яны ўбачылі, што Ратуша знікла. Яна правалілася пад зямлю з-за сораму за людзей, якія не хацелі знаходзіць агульную згоду і дамаўляцца паміж сабой. Самае дзіўнае, што людзі так даўно не заходзілі ў Ратушу, што нават забыліся ў якім месцы яна стаяла.

Ад той Ратушы нават следу не засталося. Колькі людзі не шукалі — не здолелі знайсці. І колькі месцічы не спрабавалі пабудаваць новую Ратушу — яна кожны раз то гарэла, то яе разбуралі ў час вайны, альбо яшчэ якая трасца здаралася.

Ратуша — гэта сімвал згоды месцічаў, і пакуль не будзе паміж імі згоды, пакуль яны не перастануць больш думаць пра сябе, чым пра горад, пра грамаду гарадзенцаў — да таго часу не здолеюць аднавіць старадаўнюю Ратушу Гародні.