Пра чароўны падземны горад

Велічны і слаўны наш горад, але не толькі сваімі людзьмі, замкамі, цэрквамі і касцёламі, але і яшчэ падземным горадам.

Старыя людзі казалі, што падземны горад узнік яшчэ да таго, як сюды прыйшлі першыя людзі. Гэта цмокі і вужы, якія жылі тут, рылі для сябе тыя хады і жылі там. І паколькі цмокі і змеі былі не простыя, а чароўныя, то і іх падземныя хады — падземны горад — таксама чароўныя.

Так доўга думалі людзі, але вось адкуль дапраўды ўзяўся падземны горад.

Некалі даўно, калі прыйшлі нашыя продкі на гэтае месца, было яно ціхае і спакойнае. Таму мірна і добра жылося тут гарадзенцам пасля таго, як знік вогненны цмок.

У споры і працы праходзіла жыццё нашых продкаў. Але прыйшлі лайдакі-нападнікі, якія хацелі пажывіцца тым, што самі не стваралі. Усё, што было ў горадзе, вырашылі прыбраць сабе.

Як наляцелі нападнікі — не хацелі гарадзенцы напрацаванае сваё аддаваць. Таму біліся з варожай пошасцю. Не хацелі гарадзенцы аддаваць сваё места і біліся насмерць. І ўбачыў гэта пушчанскі дух, які жыў ля Гародні… І пабачыў ён, што ворагі захопяць горад. Не захацеў Лясун страціць працавітых і добрых гарадзенцаў, якія так добра даглядалі яго пушчу. Тады, каб выратаваць некалькіх апошніх і самых мужных гарадзенцаў і гарадзенак, Лесавік ухапіўся за зямлю разам з лугам ды лесам па левым беразе Нёмана ды, пацягнуўшы на сябе, садраў тоўсты слой зямлі разам з раслінамі. Тою зямлёю, як коўдраю, накрыў ён Гародню: і вуліцы з дамамі, і цэрквы, і вежы замку, і валы аказаліся пад зямлёй, якая павісла на шпілях цэркваў ды касцёлаў, на дахах хат. Але зямля іх не засыпала, а толькі накрыла, схаваўшы ад злодзеяў. І вуліцы, і дарогі, дый самі хаты захаваліся цалюткія.

Падняліся злыдні на гору і бачаць — няма не толькі людзей, а нават сценаў, дамоў і муроў замку. Падумалі тады злодзеі, што зачараванае гэта месца, дый пажывіцца няма чым — вакол толькі зямля ды лес. Угледзелі злыдні, што горы раптам сталі нейкія большыя, і кінулі наш горад у спакоі. А гарадзенцы, як толькі ворагі сышлі, выйшлі на божы свет і збудавалі копію старога гораду. Наш стары чароўны горад знаходзіцца пад нашымі нагамі, калі мы гуляем яго вуліцамі.

Некалі людзі ведалі, як прайсці ў зачараваны падземны горад, але з часам горад пачаў хавацца і ад гарадзенцаў. Хоць шмат розных гісторый можна пачуць пра хады праз Нёман ці на Рынку — ранейшым цэнтры горада. Падземны горад паказвае свае хады цяпер толькі тады, калі гарадзенцам пагражае вялікая небяспека.

Падчас небяспечных аблог варагаў, крыжакоў, немцаў, шведаў, французаў ці яшчэ якіх захопнікаў гарадзенцы спускаліся ў падземны горад. У гэткія моманты падземны горад заўсёды сам адкрываецца людзям. І гарадзенцы карыстаюцца сваім падземным горадам у такі час, каб выйсці і набраць прыпасы, а таксама для таго, каб нападаць на ворагаў. Ад гэтага не маглі ворагі зразумець, як гарадзенцы з’яўляюцца раптам сярод лесу далёка ад сценаў горада і таксама хутка знікаюць. Не ведаюць захопнікі пра падземны горад і думаюць, што гэта чары і сам горад зачараваны. Думаюць сабе так, што раз перад такой сілаю горад не скарыўся і надалей змагаецца, лепей тады кінуць горад, пакуль не здарылася з імі злое, і больш сюды не вяртацца.

А чары падземнага горада заключаюцца ў тым, што ніхто, колькі б ні шукаў, знайсці яго не можа, пакуль сам падземны чароўны горад таго не захоча. Шмат таямніц, усю сваю гісторыю, усе свае скарбы трымае Гародня ў тым падземным месцы, але не давярае нам, відаць, бо не паказвае што мае.

Падземны горад сам раскрыецца, калі будзе перакананы, што тое будзе на карысць, а не на шкоду гарадзенцам дый самой Гародні.