Баран – бок абадран

Быў раз дзед, а ў таго дзеда баран. І захацеў той дзед зарэзаць свайго барана. Толькі пачаў рэзаць, трошкі бок абадраў, а баран усхапіўся ды ўцёк і схаваўся ў лісіную норку.

Прыйшла ліса ў норку, ажно там нехта сядзіць. Спужалася лісіца і пытаецца:

– Хто там?

А баран ёй адказвае:

– Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, – як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!

Лісіца спужалася і пабегла ваўка прасіць.

– А воўчанька ты мой, а кумочак мой, хадзі, памажы маёй бядзе, паглядзі, хто гэта ў мяне ў норцы сядзіць.

Паслухаў воўк лісу, пайшоў з ёю ў нару выганяць барана. Прыйшоў, ды сап, сап – носам нюхае.

– Хто там?

– Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, – як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!

Воўк спужаўся ды ўцёк. Пайшлі яны з лісіцай ды да мядзведзя, пачалі мядзведзя прасіць:

– Мядзведзінка, бацінка, хадзі, памажы нашай бядзе, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.

Паслухаў мядзведзь, пайшоў з імі да норкі, прыйшоў, ды пытаецца:

– А хто там?

А баран яму:

– Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, – як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!

Мядзведзь спужаўся, ды ўцёк.

Ідуць яны, ідуць каля саду, ды бачаць: ляціць пчолка. Давай яны гэтую пчолку прасіць.

– Пчолка, душачка, хадзі, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.

Паляцела пчолка з імі, прыляцела і пытаецца:

– А хто там?

– Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, – як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!

А пчолка не спужалася – у норку, ды давай кусаць барана за абарваны бок.

Баран спалохаўся, выскачыў з норкі, ды давай уцякаць.