Дзяцел, лісіца і варона

Выдзеўб дзяцел у асіне дупло, збудаваў гняздо і вывеў дзетак — траіх дзятлянятак. Растуць малыя, а дзяцел цешыцца: «Выгадую, думае, дзяцей — на старасць падмога будзе...» Ды недарэмна кажуць: «Хто б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос?» Не ўмеў ён радавацца сам сабе, а раструбіў на ўвесь лес пра сваіх дзяцей. Каго ні спаткае — усім хваліцца: «Якія ў мяне слаўныя дзеткі! І разумныя, і прыгожыя. Другіх такіх няма ні ў кога...» Дачулася пра гэта лісіца. Захацелася ёй маладых дзятлянятак пакаштаваць. Але як жа іх з гнязда дастаць? На дрэвы лазіць лісіца спрыту не мае. Дзяцел дзяцей гадуе — корміць, поіць, ­— а лісіца каля асіны пахаджвае, зубы выскаляе і ўсё думае, як дзятлянятак са свету звесці. І надумалася-такі. Падыходзіць аднойчы да асіны ды давай хвастом па камлі стукаць. Высунуў дзяцел галаву з дупла:

— Што ты, лісічка, робіш? Навошта маіх дзяцей пужаеш?

— Вось як, — кажа лісіца, — дык у цябе і дзеці ёсць?

— Ёсць, — адказвае дзяцел. — І такія ж слаўныя дзеткі!

— Ну дык выганяй іх вон ды сам выбірайся, бо я зараз буду дрэва секчы...

— Навошта табе гэта дрэва? — пытаецца дзяцел.

— Як гэта навошта? На дровы папілую, у печы паліць буду!

— Ой, лісанька, ой, матанька! — пачаў прасіцца дзяцел. — Дай хоць дзяцей пагадаваць, тады і сячы сабе дрэва. Куды ж я цяпер з малымі падзенуся?

А лісіца яшчэ мацней стукае хвастом па дрэве:

— Не магу я чакаць, пакуль ты дзяцей пагадуеш! Хто ж вінаваты, што ты якраз на гэтай асіне гняздо зрабіў! Мала лесу было, ці што?

— Яно то праўда, — кажа дзяцел, — лесу нямала. Ды хто мог ведаць, што табе гэтая старая трухлявая асіна на дровы спатрэбіцца...

— Трэба было запытацца, раней чым гняздо рабіць, — злуецца лісіца. — Сам вінаваты.

Пачухаў дзяцел сваю стракатую галаву:

— Што ж мне рабіць, лісанька? Дай раду.

Аблізалася хітрая лісіца, пакруціла хвастом ды кажа:

— Скінь мне адно дзіця, тады не буду секчы дрэва.

Падумаў дзяцел — шкада дзіцяці.

— Пачакай, лісічка, хоць да заўтра, — просіцца ён. — Дай хоць трохі з дзяцей пацешыцца.

— Добра, — згадзілася лісіца. — Прыйду заўтра.

Сядзіць дзяцел у дупле, бядуе і ўсё думае, як яму ад лісіцы ўратавацца. Ды нічога прыдумаць не можа. Нічога не зробіш, прыйдзецца аддаць адно дзятлянятка, хоць двое яму застануцца.

Тым часам прылятае да яго ў госці кума — шэрая варона.

— Так і так, — кажа ёй дзяцел, апусціўшы нос. — Не да гасцей мне кумка: маё роднае дзіця лісіца адбірае...

Варона была птушка старая і разумная, не такая, як іншыя.

— Дурань ты, — кажа яна, — не аддавай!

— Дык жа лісіца дрэва ссячэ і ўсё роўна загубіць нас.

— Гэта яна толькі страшыць цябе. Як прыйдзе заўтра, ты скажы ёй: «Сячы сабе, я цябе не баюся!»

Зарадаваўся дзяцел, падзякаваў вароне-куме за разумную параду і нават добра пачаставаў яе за гэта жукамі-караедамі.

Прыбягае назаўтра лісіца.

— Ну, дзяцел, — кажа, — скідай дзіця, а то зараз дрэва ссяку.

А дзяцел высунуў свой доўгі нос з дупла і кажа:

— Сячы сабе, я цябе не баюся!

Здзівілася лісіца: адкуль толькі дзяцел розуму набраўся?

— Хто цябе навучыў так гаварыць? — пытаецца яна.

— Сваячка мая — варона-кума, — смела адказаў дзяцел.

Узлавалася лісіца на дзятлаву куму — шэрую варону. «Пачакай жа, — думае, — я ёй не дарую гэтага». І пайшла прэч, глытаючы сліну.

Думала яна, думала, як вароне адпомсціць, і надумалася-такі. Выбегла на палянку, лягла і прыкінулася мёртвай.

Убачыла гэта варона з дрэва. «Эгэ, — зарадавалася яна, — нядрэнная спажыва валяецца».

Тут яна крыламі — мах, мах! І як бачыш каля лісіцы апынулася. Дзеўбанула спачатку ў хвост, каб праверыць, ці сапраўды лісіца мёртвая. А тая — нават не зварухнулася. Ляжыць, як дохлая.

Варона пасмялела, падскочыла да галавы і ўжо намерылася дзеўбануць у вока... А лісіца як усхопіцца -- ды цап варону за нагу!

— Ага! — зарагатала лісіца, выскаліўшы зубы. — Папалася мне на абед замест дзятляняці. Будзеш ведаць, як дзятла вучыць.

— Ну што ж, — кажа варона, — перахітрыла ты мяне. Цяпер я толькі аднаго баюся: каб ты не мучыла мяне так, як твая маці мучыла маю маці.

— А як жа яна мучыла? Нешта я не памятаю.

— Бо ты малая тады была...

— Дык раскажы хоць, — зацікавілася лісіца.

— Добра, раскажу, — згадзілася варона. — Было яно так. Твая маці злавіла маю маці. Вось як ты мяне цяпер.

— Ну, вядома, — перапыніла яе лісіца. — Мая маці была не такая дурная, як твая.

— Так, так, — адказала варона. — Яна і праўда была разумная, твая маці, бо не захацела есці маю маці з пер'ем: пер'е ж нясмачнае!

— Вядома, нясмачнае, — падтакнула лісіца.

— Дык твая маці зрабіла вось як: узяла два рэшаты, усадзіла туды маю маці, потым склала рашоты адно да аднаго ды як пусціла з крутой гары, дык на маёй маці ні пярынкі не засталося — усё чыста асыпалася. Брр! — скаланулася варона. — Гэта самая страшная пакута для нас, варон...

«Добра ж, — падумала лісіца. — Не буду я дурнейшай за сваю маці».

Дастала яна два рэшаты, усадзіла туды дзятлаву куму ды і пусціла рашоты з крутой гары. Рашоты раз’ехаліся ў бакі, а варона ўзнялася і паляцела на дрэва.