Кот Максім

Жылі дзед і баба. Мелі яны сына і ката. Сына звалі Марцінам, а ката – Максімам.

Памерлі дзед і баба. Застаўся Марцін з катом Максімам.

Марцін гультай быў вялікі, усё на печы ляжаў, а кот яду яму насіў: то птушку дзе зловіць, то каўбасу ці сала ў суседзяў украдзе...

Вось так жылі яны, жылі – згарэла хата, адна гліняная печ засталася.

– Што рабіць будзем? – пытаецца кот у гаспадара. – Трэба хату будаваць.

– Ат, – кажа Марцін, – навошта нам хата? Хопіць і печы.

Пажылі яны з год на печы, а тут і печ развалілася.

– Што рабіць будзем? – зноў пытаецца кот у гаспадара.

– Ты, – кажа Марцін, – як сабе хочаш, а я надумаўся жаніцца: вазьму багатую жонку, яна мне пабудуе хату.

– Хто за такога гультая пойдзе замуж? – смяецца кот. – Ты ж толькі любіш ляжаць на печы, у цябе і выгляд нечалавечы.

– Пойдзе! – кажа Марцін. – Няма чаго смяяцца! Сама царэўна пойдзе. Ідзі, Марцін, да цара. Скажы яму – так і так: пан Марцін, па прозвішчы Глінскі-Папялінскі, сватаецца да тваёй дачкі. Ну і зрабі ўсё як трэба: нагавары яму, што багацейшага за мяне пана ўва ўсім царстве не знайсці...

– Цяжкую ты загадаў мне службу, пан Марцін Глінскі-Папялінскі, – кажа кот.

– Нічога, ідзі, а то папругі дастанеш! – пагразіў яму гаспадар.

– Ну што ж, паспрабую шчасця.

Нанасіў кот гультаю Марціну яды ў запас, каб той з голаду не памёр, а сам выправіўся ў далёкую дарогу.

Ідзе ён, ідзе, прыходзіць у лес. Бяжыць насустрач заяц.

– Куды, кот, ідзеш? – пытаецца ён.

– Да цара.

– Чаго?

Кот падумаў і кажа:

– На суд...

– На які суд?

– Праўды хачу дайсці.

– Якой праўды?

– А вось якой. Дзе што котка ўкрадзе або нашкодзіць – усё на ката звальваюць. Кот, кажуць, смятану злізаў, кот сала ўкраў... А ката там і блізка не было. Не магу я цярпець такога паклёпу на сябе.

– Пайду хіба і я з табою! – кажа заяц.

– Чаго?

– Таксама на суд. Дзе што зайчыха зробіць – усё на зайца кажуць. Хто ў садзе прышчэпы папсаваў? Заяц! Каго сабакі ганяюць? Зайца! А там зусім і не заяц быў, а зайчыха. Не магу я такой няславы цярпець. Пайду да цара на суд.

– Дык што ж ты – адзін пойдзеш? – кажа кот. – Хто табе аднаму на судзе паверыць. Там трэба сведкі мець.

– А ты чаму адзін ідзеш?

– Ну, у мяне іншая справа. Там у мяне дзядзькі, бацькі, дзяды, браты жывуць. Усе па слове скажуць – мне і павераць. Вось каб ты набраў сотні тры сведак, тады можна смела ісці.

Як пакоціцца заяц, як наробіць крыку на ўвесь лес:

– Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды!

Тут як бачыш з усіх бакоў пасыпаліся зайцы.

Назбягалася іх цэлая чарада.

Прывёў кот Максім зайцоў да царскіх палацаў. Бачыць – на двары вялікі хлеў стаіць. Ён і кажа зайцам:

– Пачакайце вы ў гэтым хляве. Скончыцца мой суд, тады я вашу скаргу падам цару.

Зайцы паскакалі ў хлеў, а кот – бразь! – ды і зачыніў іх там на засаўку.

Ідзе ён да царскіх палацаў падскокваючы, у лапкі плешчучы.

Узыходзіць на ганак, грукае ў дзверы:

– Адчыніце!

Адчыніў яму салдат-вартавы.

– Чаго трэба? – пытаецца.

– Пакажы, дзе цар жыве.

Салдат паказаў.

Увайшоў кот Максім у вялікі пакой, а там цар сядзіць.

– Добры дзень, ваша вялічаства-вымператарства!

– Добры дзень, каток! – адказвае цар. – Што скажаш?

– Ды вось прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі гасцінчыка.

– Дзе ж той гасцінчык?

– У хляве.

Прыйшоў цар у хлеў, паглядзеў, а там поўна зайцоў – як зачыніць.

– Мусіць, дужа багаты твой гаспадар, калі гэтулькі зайцоў прыслаў? – дзівіцца цар. – Мусіць, у яго яшчэ больш ёсць.

– Ён, панок-царок, такі багаты, што дай ты рады. Усяго ў яго многа, няма толькі гаспадыні ў пакоях. Прыслаў мяне тваю дачку сватаць.

Павёў цар ката ў палацы, накарміў, напаіў, ды яшчэ і на дарогу ў торбу даў. А пра дачку змаўчаў.

Вярнуўся кот Максім дахаты. А яго гаспадар ледзьве дыхае: усе катовы запасы даўно паеў.

Развязаў кот торбу, дастаў адтуль усё, што з дарогі засталося, і пачаў карміць гаспадара.

Акрыяў сяк-так пан Глінскі-Папялінскі ды пытаецца ў ката:

– Ну, што табе цар сказаў?

– Нічога цікавага, – кажа кот.

– Дык ідзі яшчэ раз да цара. Толькі нанасі мне больш яды ў запас.

Нанасіў кот яму яды, а сам зноў пайшоў да цара.

Прыходзіць у лес, а тут насустрач яму воўк:

– Куды ідзеш, кот?

– Да цара.

– Чаго?

– На суд.

І расказаў ваўку, на які суд ён ідзе. Воўк кажа:

– Дык і я пайду з табою! Мяне таксама часта дарэмна лаюць.

– Аднаму табе суд не паверыць, – кажа кот.

– А ты чаму адзін ідзеш?

– Што ты параўняўся са мною. Мяне ўся царская радня ведае, а ад цябе нават сабакі ўцякаюць, калі дзе ўбачаць. У мяне там дзядзькі, бацькі, дзяды, браты...

– Дык што ж мне рабіць?

Збяры сотні тры сведак, тады павераць.

Падскочыў воўк, аб зямлю стукнуў ды завыў на ўвесь лес:

– Дзядзькі, бацькі, дзяды, браты, бяжыце сюды!

Назбіралася ваўкоў з усяго лесу.

Павёў іх кот Максім да цара.

Прыходзяць на царскі двор. Нецярплівыя ваўкі кажуць:

– Мы першыя пойдзем на суд.

– Не, – кажа кот, – мая скарга там даўно ляжыць. Як скончыцца мой суд, тады я падам вашу скаргу і вас паклічу. А пакуль што пачакайце ў гэтым хляве.

Ваўкі падагнулі хвасты ды пацягнуліся ў хлеў. Як толькі зайшлі ўсе, кот – бразь! – і зачыніў іх там. А сам падаўся ў палацы, у лапкі плешчучы.

Узыходзіць на ганак: стук, стук! Знаёмы салдат адчыніў яму. Кот проста да царскіх пакояў шыбае. Увайшоў да цара, добры дзень даў.

– Што скажаш, каток? – пытаецца цар.

– Так і так, – кажа кот Максім, – прыслаў табе мой гаспадар пан Марцін Глінскі-Папялінскі новы гасцінчык.

– Добра, – кажа цар.

Прыйшоў у хлеў, глядзіць, а там ваўкоў лікам-нялічана: і ў загарадках поўна набіта і яшчэ пад страхою, на вышках, процьма.

Загадаў цар ваўкоў пабіць, усім слугам футры пашыць, а кату кажа:

– Перадай пану Глінскаму-Папялінскаму: няхай сам да мяне ў госці прыедзе.

Прыбег кот дахаты ўночы задыхаўшыся. Пачаў тармасіць гаспадара. Ледзьве дабудзіўся.

– Уставай, – кажа, – я ад цара прыйшоў.

Раскатурхаўся сяк-так Глінскі-Папялінскі, пытаецца:

– Што цар сказаў?

– Сказаў, каб ты сам да яго ў госці ехаў.

Пачухаў Глінскі-Папялінскі патыліцу:

– У чым жа я паеду? Я ж голы, як бізун.

– Нічога, – кажа кот, – што-небудзь прыдумаем.

Сабраліся яны і бягом пабеглі да цара.

Бягуць, бачаць: недалёка ля гасцінца цэлае войска салдат спіць. Кот спыніў гаспадара.

– Пачакай, – кажа, – тут.

А сам крадком пайшоў да войска. Назнімаў у сонных салдат шапак і напакаваў імі два мяхі. Адзін мех на плечы ўскінуў, другі гаспадару даў. І пайшлі сабе далей.

Падыходзяць да рэчкі. Кату піць захацелася. Паставіў ён мех ля моста, гаспадара за каравульнага пакінуў, а сам палез у рэчку ваду піць. Напіўся вады, бачыць: паўзе рак у нару. Кот схапіў яго за вус і выкінуў на бераг.

Рак пачаў прасіцца:

– Пусці мяне ў ваду. Можа, я табе таксама якую-небудзь службу саслужу.

Кот падумаў і кажа:

– Якую ж ты мне можаш саслужыць службу?

– У вадзе, – кажа рак, – любую. Загадай, што хочаш, усё зраблю.

– Падкапай да раніцы маставыя слупы, – загадаў кот.

– Добра, – кажа рак. – Гэта я магу.

Пусціў кот рака, і той адразу ж ухапіўся за работу.

– А ты, – кажа кот Марціну, – як толькі абваліцца мост, раскідай шапкі па вадзе і чакай мяне тут.

Сказаў кот гэтак, пераскочыў цераз мост ды пабег да цара ў палацы.

Прыбягае, дакладвае цару:

– Так і так, ваша вялічаства-вымператарства... Ехаў да цябе ў госці мой гаспадар, пан Глінскі-Папялінскі, ды бяда здарылася: мост зламаўся, уся яго пяхота і конніца патапілася, адзін ён застаўся голы, бо абмундзіраванне з вадою сплыло...

Тут цар сеў у карэту, ката з сабою пасадзіў, прыехаў да моста. Глядзіць, і праўда: толькі шапкі ад войска па вадзе плаваюць.

Паспачуваў цар пану Глінскаму-Папялінскаму ды загадаў найлепшым сваім краўцам і шаўцам пашыць яму новае абмундзіраванне.

Як бачыш пашылі краўцы і шаўцы новае абмундзіраванне. Адзеўся Глінскі-Папялінскі, прыхарашыўся і паехаў з царом у палацы.

Пагаманіў з ім цар, пачаставаў, а потым і кажа:

– А цяпер хацеў бы я паглядзець твой маёнтак: калі ты і праўда такі багаты, дык аддам за цябе дачку.

Спужаўся Глінскі-Папялінскі: якое ж ён багацце пакажа цару? Увесь яго маёнтак – адна гліняная печ, ды і тая развалілася.

Пачуў пра гэта кот Максім. Паклікаў ён свайго гаспадара ўбок і шэпча яму:

– Не бойся! Усё добра будзе.

Запрэглі царскія конюхі самых лепшых коней у самую лепшую карэту. Сеў цар у карэту і паехаў. А кот наперадзе пабег – дарогу паказваць.

Едзе цар, едзе, пад'язджае да маёнтка Змея Гарынавіча. Кот наперадзе бяжыць. Бачыць: пастухі вялікую чараду кароў пасуць. Падбягае ён да пастухоў.

– Чые вы? – пытаецца.

– Змея Гарынавіча.

Кот натапырыў вусы, грозны стаў:

– Не кажыце нікому, што вы пастухі Змея Гарынавіча, а кажыце – Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром з Перуном – ён заб'е вас.

Сказаў так кот Максім і пабег далей. Сустракае вялікую чараду коней. Падбег да конюхаў і пытаецца:

– Чые вы, конюхі?

– Змея Гарынавіча.

– Не кажыце, што вы Змея Гарынавіча, а кажыце – пана Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром з Перуном – ён заб'е вас.

Тым часам царская карэта з громам пад'ехала да пастухоў.

– Чые вы? – пытаецца ў іх цар.

– Пана Марціна Глінскага-Папялінскага, – адказваюць пастухі.

– О, – дзівіцца цар, – багаты пан Глінскі-Папялінскі!

Гэтак жа адказалі і конюхі.

Пакуль цар ехаў, кот прыбег у двор Змея Гарынавіча. Убачыў самога Змея і крычыць.

– Хавайся, Змей Гарынавіч! Едзе Гром з Перуном – ён цябе заб'е і на муку сатрэ.

Спужаўся Змей Гарынавіч:

– Куды ж мне схавацца?

Кот паглядзеў і ўбачыў вялікае дупло ў старой ліпе.

– Лезь хутчэй сюды! – кажа Змею.

Залез Змей у дупло, а кот забіў дупло паленам ды яшчэ і глінаю замазаў. Потым пабег да Змеевых слуг.

– Чые вы? – пытаецца.

– Змея Гарынавіча.

– Не кажыце нікому, што Змея Гарынавіча, а кажыце, што пана Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром з Перуном – ён заб'е вас.

– Добра, – кажуць напалоханыя слугі.

Прыехаў цар у маёнтак Змея Гарынавіча. Слугі кінуліся сустракаць яго.

– Чый гэта маёнтак? – пытаецца цар.

– Пана Марціна Глінскага-Папялінскага! – у адзін голас адказалі слугі.

– Ну, што ж, – кажа цар, – сапраўды багаты пан Глінскі-Папялінскі. Аддам за яго дачку.

Тут цар вярнуўся ў свае палацы, паклікаў музыкаў і загадаў іграць вяселле.

Усяго там было: хто хацеў, тое піў і еў. І я там быў, еў і піў, па барадзе цякло, а ў роце не было.