Ох i залатая табакерка

Жыў сабе сіраціна Янка, леснікоў сын. Жыў ён адзін у лесе, у бацькавай хатцы. А каб весялей было, гадаваў катка. Прызвычаіўся да яго каток. Куды гаспадар ідзе, туды і ён.

Пайшоў аднойчы Янка дровы збіраць. Ну, вядома, і каток за ім. Набраў Янка вязку галля, нясе дадому, а каток адну сухую галінку за ім цягне. 

Змарыўся Янка, прысеў на пні, падумаў, як цяжка яму жыць на свеце, і застагнаў моцна сам сабе: 

— Ох, ох! 

I толькі ён так сказаў — выскачыў з-пад пня маленькі дзядок з доўгаю барадою. 

— Чаго ты мяне клікаў, дзяцюк?

Паглядзеў Янка спалохана на дзядка і кажа: 

— Не, дзедка, не клікаў я цябе.

— Як не клікаў? — заспрачаўся дзядок. — Я ж не глухі! Ты два разы назваў маё імя: Ох, Ох... Мусіш мне цяпер сказаць, што ты ад мяне патрабуеш. 

Падумаў Янка і кажа: 

— Нічога мне не трэба. Але я вельмі галодны. Калі маеш кавалак хлеба, то дай, калі ласка.

Ох нырнуў назад пад пень і праз нейкі час вынес адтуль кавалак хлеба і міску капусты. 

— На, — кажа, — еш. 

Наеўся сіраціна, катка накарміў і нізка пакланіўся дзядку: 

— Дзякуй, дзедка, за абед: даўно такой смачнай стравы не еў.

Узваліў ён на плечы свае дровы і весялей пайшоў дахаты.

Мінуў дзень-другі – зноў голад дакучае. Успомніў Янка пра дзядка. «Пайду, — думае, — ці не накорміць ён мяне яшчэ раз?»

 Прыйшоў на тое месца, сеў на пень і ўздыхнуў: 

— Ох!

 Выскачыў дзядок: 

— Што скажаш, дзяцюк?

Пакланіўся яму Янка: 

— Галодны я, дзедка. Ці не даў бы ты мне хоць кавалак хлеба? 

Але вынес яму дзядок замест абеду залатую табакерку. 

— Вось што, хлопча, — кажа, — не турбуй ты мяне больш: я ўжо стары, і мне цяжка абед насіць. Вазьмі гэтую табакерку. Калі табе што патрэбна будзе, адчыні яе — і мой слуга адразу стане перад табою. Ён не горш за мяне зробіць усё, што ты яму загадаеш.

Узяў Янка залатую табакерку, шчыра падзякаваў дзядку і пайшоў, падскокваючы, дахаты.

Адчыніў дома залатую табакерку — выскачыў з яе маленькі чалавечак, але не такі, як дзядок, а малады, шустры. 

— Што загадаеш? — прагаварыў чалавечак да Янкі тоненькім галаском. 

— Дай мне, братка, чаго-небудзь паесці! 

Тут чалавечак паставіў на стол міску капусты, палажыў добры кавалак жытняга хлеба, а сам ускочыў у залатую табакерку і зачыніўся.

Пажыў так Янка нейкі час, і захацелася яму ў свет пайсці, людзей паглядзець, сябе паказаць, бо ніколі ж ён нідзе, апроч свайго лесу, не быў. Узяў ён залатую табакерку, клікнуў катка і пайшоў.

 

Шмат абышоў ён вёсак, гарадоў, шмат чаго пабачыў, нарэшце прыйшоў да сіняга мора. Бачыць: ляжыць на беразе мора маленькая серабрыстая рыбка. Відаць, хваля выкінула яе ў час прыбою. Трапечацца рыбка, б'ецца аб каменне, пячэцца на сонцы, а ніяк назад у мора не трапіць.

Шкада стала Янку беднай рыбкі. Узяў ён яе асцярожна і ўкінуў у мора. 

Вільнула рыбка хвосцікам, глынула вады, ачуняла, а потым высунула галоўку наверх і кажа чалавечым голасам: 

— Дзякуй табе, малойча, што ты мяне ад смерці збавіў. Можа, будзе час, што і я табе ў чым-небудзь дапамагу. 

Сказала так — і плюсь назад у ваду. Янка засмяяўся: 

— Навошта мне, рыбка, твая дапамога, калі ў мяне ў кішэні не такі памочнік!

Але рыбка яго не пачула.

Пайшоў ён далей. Выбегла з норкі шэрая мышка. Каток цап яе за спіну і хацеў з'есці. 

Шкада стала Янку мышкі. Быў ён такі чалавек, што ўсіх шкадаваў, бо заўсёды помніў, як яму самому раней цяжка жылося. Узяў ён мышку, пагладзіў і пасадзіў у кішэнь, а потым дастаў з торбы скарыначку хлеба і кінуў ёй туды. 

— Еш, — кажа, — ты ж, мусіць, галодная.

Мышка і супакоілася, пачала грызці скарынку.

Ішоў ён так, ішоў берагам мора.Бачыць: высіцца на гары вялікі палац.

— Што гэта за палац? — пытаецца ён у рыбакоў. 

— Гэта каралеўскі палац, — кажуць рыбакі. — Там сам кароль жыве. Але нядаўна здарылася ў яго бяда: прыляцеў у поўнач марскі змей, схапіў яго дачку і занёс на сваю заклятую марскую выспу, куды ні дайсці, ні даплысці нельга. Кароль цяпер аж валасы на галаве рве. Абвясціў на ўсё каралеўства: хто верне яму дачку, за таго аддасць яе замуж і ўсё каралеўства пасля сваёй смерці адпіша. Шмат прыязджала сюды розных князевічаў і каралевічаў, ды ніхто да выспы дабрацца не можа: марскі змей такія хвалі ўзнімае, што рады няма...

Падумаў Янка пра свайго цудоўнага памочніка з залатой табакеркі і кажа рыбаку:

 — Накажы, калі ласка, каралю, што заўтра, пакуль сонца ўзыдзе, ён сваю дачку ўбачыць.

Адчыніў Янка залатую табакерку. Выскачыў з яе чалавечак:

 — Што загадаеш? 

— Зрабі, браток, ласку: вылажы за ноч жалезны мост ад каралеўскага палаца да заклятай змеевай выспы і пастаў на ім залатую карэту з шасцю коньмі. Заўтра чуць свет я паеду на выспу. 

— Добра, — кажа чалавечак, — усё будзе зроблена, як ты просіш.

Пайшоў Янка да рыбака і лёг спаць.

Назаўтра ўстаў чуць свет, глядзіць — ляжыць жалезны мост ад каралеўскага палаца да змеевай выспы, а на мосце стаіць залатая карэта, шасцю коньмі запрэжаная, і каля коней яго памочнік з пугаю стаіць.

 Падышоў Янка да свайго памочніка, выняў табакерку і кажа: 

— Дзякую, браток. А цяпер ідзі адпачывай, бо ты, відаць, дужа змарыўся.

Чалавечак аддаў Янку пугу, а сам знік у залатой табакерцы. Сеў Янка ў карэту і паехаў па каралеўну.

Прыязджае на выспу, бачыць: стаіць на ёй вялікі цёмны замак і з акна глядзіць здзіўленая каралеўна. Даўно не бачыла яна людзей і зарадавалася Янку, як роднаму бацьку. 

— Хто ты такі? — пытаецца ў яго. — I чаго ты прыехаў сюды? 

— Не пытайся, паненка, — адказвае Янка, — а садзіся хутчэй у карэту. Паедзем да твайго бацькі. 

Яшчэ больш зарадавалася каралеўна, як пачула такія словы. 

— Але ж я не магу праз дзверы выйсці: там пракляты змей спіць. Ён ноччу на здабычу лятае, а ўдзень каля дзвярэй адпачывае. 

— То лезь праз акно. 

— Баюся.

Выставіў Янка рукі: 

— Скачы!

Скокнула каралеўна з акна і якраз трапіла яму на рукі. Схапіў яе Янка, пасадзіў у карэту ды маланкаю памчаўся проста да каралеўскага палаца.

Пачуў змей грукат, усхапіўся, бачыць: няма каралеўны. Ён — наўздагон. Бяжыць, аж мост дрыжыць. Азірнуўся Янка: смаліць за ім змей. Вось-вось дагоніць. Ён давай пугаю коней хвастаць. Тыя рвуцца наперад.

 

Прымчаўся Янка на бераг, ссадзіў каралеўну з карэты, потым цішком адчыніў залатую табакерку і загадаў свайму памочніку знесці мост. Чалавечак умомант знёс мост, а змораны змей упаў у глыбокае мора і захлынуўся.

Тым часам прачнуўся кароль, глянуў праз акно — вачам не верыць: вядзе да палаца Янка яго дачку! Выбег кароль насустрач, давай дачку абнімаць. Такі шчаслівы, такі рады. 

— Ну, хлопча, — кажа ён да Янкі, — парадаваў ты мяне. Аддам табе за гэта сваю дачку замуж і адпішу вам пасля сваёй смерці ўсё каралеўства. 

Справілі вяселле, і стаў сіраціна Янка мужам каралеўны.

Усе Янку любілі, адна толькі каралеўна скоса паглядала: не падабалася ёй, што стала жонкаю простага мужыка. Прыстала яна аднойчы да мужа: 

— Скажы, хто табе той мост зрабіў, па якім ты мяне прывёз? 

Аднекваўся, аднекваўся Янка — рады няма. Што рабіць — прызнаўся і паказаў жонцы залатую табакерку. 

— Толькі, — кажа, — прысягні, што ты сама без мяне ніколі яе ў рукі не возьмеш.

Прысягнула жонка, а потым кажа:

— Хачу я жыць з табою ў замку на выспе. Загадай свайму памочніку, каб зрабіў мост. 

Янка не стаў пярэчыць: адчыніў пры жонцы табакерку, загадаў памочніку — і стаў мост.

Пераехалі яны ў змееў замак. Жонка кажа: 

— Не знімай моста: мы будзем па ім на бераг ездзіць — у госці да бацькі і куды захочам. 

Пажылі яны колькі дзён у замку.

Захацелася Янку на паляванне паехаць. Узяў ён лук, катка і мышку, каб весялей было ў дарозе, і паехаў па мосце. Толькі сышоў ён на бераг, як бачыць: не стала за ім моста! «Што за дзіва!» — думае Янка. Мац у кішэнь — аж няма табакеркі... Катка ўзяў, мышку ўзяў, а табакерку забыўся... 

Тут ён аб усім здагадаўся. «Вось табе і прысяга каралеўны! — падумаў сам сабе Янка.— Я яе пашкадаваў, з бяды выбавіў, а яна мне за дабро злом заплаціла. Зноў давядзецца ісці ў сваю хатку і галадаць, як раней».

Сеў ён на беразе мора і аж заплакаў ад крыўды. Раптам чуе: мышка скрабецца ў кішэні. Высунула адтуль галоўку і пытаецца: 

— Чаго ты плачаш, добры чалавек?

Расказаў ёй Янка пра сваю бяду.

— Нічога, — суцяшае яго мышка, — гэтай бядзе мы дамо рады.

Пашапталася яна аб нечым з катком, потым села яму на спіну, і паплылі яны цераз мора.

Даплылі да замка. Тут каток схаваўся ў садзе, а мышка праз шчыліну прабралася ў пакой да каралеўны.

Доўга сядзела яна там, цікуючы, дзе каралеўна табакерку хавае. I даглядзела-такі — у драўляным куфэрку!

Уночы, як лягла каралеўна спаць, прагрызла мышка куфэрак, схапіла табакерку ды пабегла ў сад да катка. 

— Ёсць, — кажа, — залатая табакерка! 

— То садзіся зараз жа мне на спіну! — загадаў каток. — Паплывём назад. 

Села мышка яму на спіну, каток і паплыў, фыркаючы, па хвалях.

Даплылі ўжо траха не да берага. Каток пытаецца ў мышкі:

— Ці не згубіла ты табакеркі? 

— Не, — кажа мышка, — вось яна! Падняла табакерку, каб паказаць катку, ды не ўтрымала: табакерка плюх у мора! 

— Ах ты, недарэка! — узлаваўся каток. — Што ж ты нарабіла? 

Выплыў ён на бераг і схапіў мышку зубамі за спіну.

— Я цябе задушу!

Убачыў гэта Янка, адабраў у катка мышку. А як даведаўся, што здарылася, дык зноў сеў каля мора і моцна зажурыўся — так шкада было яму табакеркі.

Раптам з мора паказалася серабрыстая рыбка: 

— Чаго ты, чалавеча, сумуеш? Раскажы мне: можа, я табе ў чым дапамагу за тое, што ты калісь збавіў мяне ад смерці. 

Прыгледзеўся Янка — пазнаў тую рыбку. 

— Эх! — цяжка ўздыхнуў ён. — Вялікая ў мяне страта... 

I расказаў рыбцы пра сваю бяду. Выслухала яго рыбка і кажа весела: 

— Гэта бяда — не бяда! У мяне тут, у моры, табакерак — колькі хочаш. Я табе буду выкідаць іх, а ты пазнавай, якая твая. Сваю забярэш, а мае мне назад вернеш.

Вільнула рыбка хвастом і нырнула на дно мора. 

Неўзабаве пачала яна выкідаць на бераг табакеркі — сярэбраныя, залатыя, дыяментавыя. У Янкі аж уваччу мітусіцца ад табакерак. Давай ён пільна прыглядацца да іх і нарэшце такі ўбачыў сваю. Зарадаваўся Янка, пакідаў у мора лішнія табакеркі і крыкнуў да рыбкі: 

— Дзякую, даражэнькая! Збавіла ты мяне ад бяды. 

Узяў ён сваю залатую табакерку і пайшоў з катком і мышкай шукаць лепшых людзей.