Заяц і вожык

У адзін ясны, сонечны дзень стаяў вожык каля дзвярэй свайго дома, склаўшы рукі на жываце, і напяваў песеньку. Спяваў ён сваю песеньку, спяваў і раптам уздумаў: «Пайду я на поле ды на сваю бручку зірну. Пакуль мая жонка дзяцей мые ды апранае, я паспею і ў поле схадзіць, і вярнуцца дадому».

Ішоў вожык полем і сустрэўся з зайцам, які ішоў на сваю капусту паглядзець. 

— Добры дзень, паважаны заяц! Як вы маецеся? 

А заяц быў вельмі важны і горды. Замест таго, каб ветліва прывітацца з вожыкам, ён толькі кіўнуў галавою ды сказаў груба: 

— Што гэта ты, вожык, так рана па полі лётаеш? 

— Я на шпацыр выйшаў, — кажа вожык. 

— На шпацыр? — запытаўся заяц насмешліва. — А па-мойму, на такіх кароценькіх ножках далёка не зойдзеш. 

Пакрыўдзіўся вожык за гэткія словы. Не любіў ён, калі гаварылі пра ягоныя ногі, якія сапраўды былі кароткія ды крывыя. 

— Ці не думаеш ты, — запытаўся ён у зайца, — што твае ногі бегаюць хутчэй і лепш? 

— Вядома, — адказаў заяц. 

— А ці не хочаш ты са мною навыперадкі пабегчы? — пытаецца вожык. 

— З табою навыперадкі? — кажа заяц. — Не смяшы ты мяне, калі ласка. Няўжо ты на сваіх крывых нагах мяне абгоніш? 

— А вось пабачым, — адказвае вожык. — Убачыш, што абганю. 

— Ну, давай пабяжым, — кажа заяц. 

— Пачакай, — адказвае вожык, — спачатку я схаджу дадому паснедаю, а праз паўгадзіны вярнуся на гэтае месца. Тады і пабяжым. Добра? 

— Добра, — сказаў заяц. 

Пайшоў вожык дадому. Ідзе і думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахітру». 

Прыйшоў вожык дадому і кажа жонцы: 

— Жонка, апранайся хутчэй, прыйдзецца табе са мною ў поле ісці. 

— А што здарылася? — пытаецца вожычыха. 

— Ды вось мы з зайцам паспрачаліся, хто хутчэй бегае — я ці ён. Я павінен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш. 

— Што ты — звар'яцеў? — здзівілася вожычыха. — Ён жа цябе адразу перагоніць. 

— Не твая справа, жонка, — сказаў вожык. — Апранайся хутчэй ды пойдзем. Я ведаю, што раблю. 

Апранулася жонка ды пайшла з вожыкам у поле. 

Па дарозе вожык кажа жонцы: 

— Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгім полі. Заяц пабяжыць па адной баразне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля каля маёй баразны. Як толькі падбяжыць пад цябе заяц, ты крыкні: «Я ўжо тут!» Зразумела? 

— Зразумела, — адказвае жонка. 

Так яны і зрабілі. Завёў вожык жонку на канец свае баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў зайца. 

— Ну, што ж, — кажа заяц, — пабяжым? 

— Пабяжым, — адказвае вожык. 

Сталі яны кожны ў пачатку свае баразны. 

— Раз, два, тры! — крыкнуў заяц. 

І абодва яны пабеглі з усіх ног. 

Прабег вожык крокі тры-чатыры, а потым ціхенька вярнуўся на сваё месца і сеў. Сядзіць ды адпачывае. А заяц усё бяжыць ды бяжыць. Дабег да канца свае баразны, а тут вожычыха яму і крычыць: 

— Я ўжо тут! 

А трэба сказаць, што вожык і вожычыха вельмі падобныя адзін да аднаго. Здзівіўся заяц, што вожык яго перагнаў. 

— Пабяжым цяпер назад, — кажа ён вожыку. — Раз, два, тры! 

І пусціўся заяц назад хутчэй. А вожычыха засталася сядзець на сваім месцы. 

Дабег заяц да пачатку баразны, а насустрач яму вожык крычыць: 

— Я ўжо тут! 

Яшчэ больш здзівіўся заяц. 

— Пабяжым яшчэ раз, — кажа ён вожыку. 

— Добра, — адказвае вожык. — Калі хочаш, пабяжым яшчэ раз. 

Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды і назад. 

А вожык усё яго пераганяў. Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык крычыць: «Я ўжо тут». 

На семдзесят чацвёрты раз дабег заяц да сярэдзіны поля ды паваліўся на зямлю. 

— Змарыўся, — кажа, — не магу больш бегаць. 

— Вось бачыш цяпер, у каго ногі лепшыя? 

Нічога не адказаў заяц і пайшоў з поля — ледзь ногі пацягнуў. 

А вожык з вожычыхай паклікалі сваіх дзетак ды пайшлі ў грыбы.