Быў сабе каваль, а ў яго былі тры сыны. Адзін шавец, другі кравец, а трэці – каваль. Доўга яны ўжо жылі, а ніколі не бачылі гора. Вось і пайшлі шукаць ды пытацца: што гэта за гора такое? Прыходзяць яны ў адну карчму. А ў карчме ўгледзелі яны многа людзей, якія бедавалі ды гаравалі... Адзін з тых людзей кажа:
– Бяда, хлеба нямашака.
Другі:
– Кароўку задралі ваўкі.
А трэці:
– Мядзведзь выдраў пчолкі.
А кавальчукі глядзяць, слухаюць ды дзівяцца: чаго гэта людцы гаруюць ды бядуюць? У іх тады ўсё добра вялося, і не бачылі яны гора ніякага. Пасядзеўшы трохі ў карчме, пайшлі яны далей шукаць гора.
Прыйшлі ў лес. Ажно ў лесе на дарозе напалі на іх разбойнікі. Бяда! Як гэта ад іх адбіцца? Але неяк адбіліся, хоць ім трохі і дасталося. Пайшлі яны далей па дарозе, а там звярнулі зусім у лес. Хадзілі-хадзілі яны па лесе, аж глядзь – стаіць хата. А ля дзвярэй ляжыць дужа вялікі камень. Яны – у хату, ажно там ні духу. Паглядзелі ў печ, а там пячэцца цэлая авечка. Ды пад лаўкаю і пад сталом ходзяць яшчэ тры авечкі. Яны дасталі з печы печаную, і давай есці. Аж тым часам глядзь – прыйшоў у дзверы нейкі дужа вялікі чалавек з адным вокам. Убачыўшы іх, аднавокі гэты боўдзіла і кажа ім:
– Добра ж, пачакайце! Слаўна мне будзе паабедаць вамі, – сказаў ён гэта, дый заваліў каменем дзверы, а сам пайшоў чорт яго ведае куды. А вось тое і было Гора.
Бедныя кавальчукі ачухаліся, сядзяць ды кажуць:
– Во дзе Гора. Чаго нас пагнала нячыстая з дому, што тут рабіць, як гэта тут вылезці?
Паспрабавалі яны як адкаціць камень ад дзвярэй – а дзе ж там! Ні блізка – каб маці яго прапала. Вылезлі б можа ў вокны – але ж дужа малыя вокны, і галава не ўлазіць. Мабыць, прыходзіцца ўжо прападаць! Аж чуюць: ідзе той самы, што заваліў камнем дзверы, Аднавокае Гора, і кажа:
– Вось якое шчасце! Нікога не пакінуў, дзе выходзіў, аж тут разам знайшоў трох – будзе чым закусіць! Хто ты? – пытаецца ў аднаго.
– Я шавец.
– А ў мяне боты яшчэ цэлыя, не трэба мне шаўца, – сказаў ды шаўца за ногі ў гарачую печ усадзіў.
Пячэцца той небарака ў печы, а гэтыя два стаяць і калоцяцца, як асіны.
– А ты хто? – пытаецца Аднавокае Гора ў другога.
– Я кравец.
– Не трэба і ты мне! – сказаў дый таго ў печ пасадзіў. Пякуцца ўжо два, астаўся трэці.
– А ты хто? – пытаецца Гора ў трэцяга.
– Я каваль.
– А, добра, калі ты каваль, – кажа яму Аднавокае Гора. – Ці не ўставіў бы ты мне яшчэ адно вока?
– А чаму не, калі трэба, дык устаўлю, толькі ты прынясі мне вяровак і жалезны штых, бо мне трэба звязаць цябе, каб можна было ўставіць вока. А то ж ты не будзеш ляжаць супакойна.
Трэба ж ведаць, што гэты каваль быў дужа хіцёр. Пайшло некуды Аднавокае Гора, прынесла вяровак і жалезны штых. Каваль узяў, прывязаў Гора вяроўкамі дый кажа яму:
– Ну, страпяніся.
Гора страпянулася ды так, што і вяроўкі не стрымалі. А каваль тады ўжо нанова прывязаў Гора – яно як ні трапяталася, але ўжо ніяк не адарвалася. Мабыць, ужо ладна звязаў яго. Тады каваль узяў ды нагрэў чырвона-чырвона жалезны штых. Выняўшы з цяпла гарачы штых, каваль і кажа Гору:
– Ну, глядзі ж толькі ціха, а я табе ўстаўлю другое вока, – і сунуў той штых у відушчае вока.
А як ірванецца Гора, як закрычыць:
– А што ж ты гэта зрабіў?! Навошта ты мне выкалаў відушчае вока?! Стой жа, вырадак, не выйдзеш ты адсюль! Абмацаю я цябе! – дый пачало мацаць-лавіць каваля па хаце.
А каваль ужо ледзь жывы забіўся ў куточак ды сядзіць моўчкам. Гора мацала-мацала па хаце, лавіла-лавіла ды не злавіла каваля. А толькі абмацала сваіх авечак – яны былі пад сталом і пад лаўкай. Тады Гора села на парог дый кажа:
– Ну, нідзе ж ты не дзенешся – праз дзверы будзеш выходзіць. Не дачакаешся, каб я цябе не злавіла!
Каваль гэты тады вылез ціхенька з куточка, злавіў адну авечку ды кідзель! – сляпому Гору на ўлонне. Гора памацала – чуе, што авечка. Узяло ды выкінула яе за дзверы. Каваль таксама і другую авечку кінуў на ўлонне Гору. Гора і гэтую авечку выкінула за дзверы. Тады каваль узяў, вывернуў кажух, надзеў яго на галаву дый бабух! – у далоні да Гора. Гора думала, што гэта ўжо трэцяя авечка, узяло ды замест авечкі выкінула каваля за дзверы.
– А-а-а, дзякуй жа табе, Гора, што ты аслабаніла мяне! – закрычаў каваль здалёку.
– Э-э-э, ліха ж тваёй маці і бацьку твайму, калі гэта я цябе выкінула! Ну, злодзей, маеш шчасце – не жыў бы ты тут болей! Глядзі ж, будзеш ты ісці ў лесе ля вялікай калоды, не вазьмі ты там хаця маёй сякеркі – залатое лязо, срэбны абушок. Пакінь яе мне, не бяры.
– Трасца табе ў бок, халера ў жывот, а не сякерка! Выхвараеш ты, пакуль я яе не вазьму, абы толькі знайшоў!
Ідзе, аж бачыць: ляжыць вялізная калода, а ў калодзе тырчыць сякерка – залатое лязо, срэбны абушок. Дужа ладная сякерка! Каваль хлоп! – за тапарышча, а рука і прыстала да тапарышча. Ён і так, і сяк рваўся – нічога, аніяк не адарваць рукі. Ажно тут чуе: бяжыць Сляпое Гора. Ён ірвацца ізноў – аніяк! А тут ужо Гора блізка!
– Вось жа цяпер не выскрабешся ты ад мяне! – крычыць Гора, ужо чуючы носам здабычу.
Што ж тут рабіць? Абмацаў каваль у кішэні нож, дастаў хутчэй ды чырах! – адрэзаў сабе тую руку ды наўходала! Некалі тут ужо было разынкі прадаваць. А яшчэ рады быў, што хаця так адкупіўся. Пасля таго і годзе ўжо гора шукаць, бо ўбачыў, якое ж Яно.